Пошук

2023.01.19 Giovani del Movimento dei Focolari

Леў XIV: Езус – адказ на самыя глыбокія жаданні моладзі

Леў XIV заахвоціў маладых бразільскіх католікаў быць сведкамі Евангелля, захоўваць полымя веры праз малітву і адказна карыстацца магчымасцямі сучасных тэхналогій.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 ліпеня 2026 года Леў XIV прывітаў удзельнікаў Фестывалю “Halleluya 2026”, які праходзіць у бразільскім горадзе Форталеза. Ён адзначыў, што гэтая ініцыятыва праз музыку, малітву і пакланенне з году ў год “кранае сэрцы многіх людзей, прыносячы добрыя плёны евангелізацыі: споведзі, навяртанні, святарскія і манаскія пакліканні”.

Пантыфік нагадаў моладзі, што іх радасць, вера і энтузіязм вельмі важныя для Касцёла. “Падчас маіх апошніх падарожжаў і падчас Юбілею моладзі я ўбачыў, што кожны з вас валодае неабходнай місійнай моцай, каб змяніць гэты свет, які так моцна патрабуе Евангелля. Ніколі не губляйце гэтага місійнага запалу!”, - заклікаў Папа.

“У наш час яшчэ так шмат людзей маюць патрэбу ў тым, каб спазнаць, што менавіта Езус адказвае на іх самыя глыбокія жаданні, адкрываючы чалавецтву праўду пра самога сябе. Таму мужна абвяшчайце, што жыццё без Хрыста – гэта жыццё без ласкі! Ён – Дарога, Праўда і Жыццё; менавіта Ён надае сэнс існаванню і ўсяму, што існуе. Гэта вера, якая рухае намі і якой варта дзяліцца з тымі, каго мы любім, і з тымі, хто найбольш у ёй мае патрэбу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што пасля вялікіх духоўных перажыванняў, такіх як фестываль, энтузіязм можа аслабнуць. “Каб захаваць жывым полымя веры і сведчыць пра Уваскрасенне нашым сябрам і тым, каго мы сустракаем, неабходна заставацца ў прысутнасці Бога праз малітву. Сапраўдныя адносіны з Панам патрабуюць пастаяннасці, настойлівасці і цвёрдай упэўненасці ў тым, што Нябесны Айцец ніколі нас не пакідае, а наадварот – выходзіць нам насустрач у Сыне. Таму не бойцеся Хрыста! Ён нічога не забірае, а дае ўсё. Той, хто давяраецца Збаўцу, атрымлівае ў сто разоў больш і заўсёды выходзіць пераможцам. У спорце мы бачым радасць пераможцаў, але таксама і смутак тых, хто прайграў. З Хрыстом мы заўсёды перамагаем! Святыя з’яўляюцца таму доказам”, - адзначыў Пантыфік.

Папа прапанаваў бразільскай моладзі натхняцца прыкладам святога Карла Акуціса, які ўмеў спалучаць веру і карыстанне сучаснымі тэхналогіямі. “Беручы яго за ўзор, раю вам карыстацца сацыяльнымі сеткамі і штучным інтэлектам з умеранасцю і дысцыплінай, бо яны могуць перанесці нас у нерэальны свет, у якім мімалётнасць, простая вонкавасць і падман у выніку займаюць месца сапраўдных каштоўнасцяў і таго, што сапраўды мае значэнне”, - сказаў Леў XIV.

Напрыканцы свайго звароту Пантыфік заклікаў маладых людзей дазволіць Святому Духу распаліць у іх яшчэ большую любоў і дапамагчы стаць моцнымі сведкамі Евангелля, каб будаваць мірны свет, у якім прысутнічаюць Божая любоў і братэрства.
 

26 ліпеня 2026, 09:15