Папа – моладзі Перу: Касцёл патрабуе вашага святога бунту
Аляксандр Панчанка – Vatican News
25 ліпеня 2026 года Леў XIV накіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў ІІ Дыяцэзіяльнага дня моладзі, які праходзіць у Тэрытарыяльнай прэлатуры Чота і Кутэрва ў Перу. Яна знаходзіцца ў горным рэгіёне на поўначы краіны побач з дыяцэзіяй Чыклаё, дзе Роберт Прэвост амаль дваццаць гадоў служыў місіянерам і біскупам.
Душпастырскае служэнне ў прэлатуры ажыццяўляюць манахі з Ордэна Аўгустынцаў Рэкалектаў, адной з галін Ордэна святога Аўгустына, да якога належыць Папа. На моладзевай сустрэчы, арганізаванай імі, сабраліся прадстаўнікі васемнаццаці парафій.
“Дарагая моладзь – вы моладзь Хрыста, і ваш сёлетні дэвіз – “Пакліканыя любіць, пасланыя служыць” – з абсалютнай яснасцю выражае гэтую праўду”, - падкрэсліў у сваім відэапасланні Святы Айцец.
“Езус не хоча, каб вы былі “канапавай моладдзю” – соннай або прыстасаванай да выгодаў прынцыпу “так заўсёды рабілася”. Касцёл прэлатуры Чота і Кутэрва патрабуе вашага святога бунту, вашай чыстай энергіі, вашага жадання перамяняць рэальнасць болю ў прастору надзеі. Адгукніцеся на пакліканне быць місіянерамі ў вашых школах, універсітэтах, на вашых вуліцах і ў вашых вёсках. Служыце з радасцю, асабліва самым забытым, бо менавіта там знаходзіцца аблічча церпячага Езуса”, - заклікаў моладзь Папа.
