Шляхам святога Бэнэдыкта: Папа здзейсніў візіт у Субіяка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Апоўдні 22 ліпеня 2026 года, пакінуўшы санктуарый Найсвяцейшай Тройцы ў Валеп’етры, Леў XIV адправіўся на аўтамабілі ў кляштар святога Бэнэдыкта ў Субіяка, які знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў.
Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, падчас наведвання кляштарнага комплексу Пантыфік у цішыні памаліўся перад фрэскай з выявай святога Францішка, якая датуецца XIII стагоддзем.
Затым Папа наведаў Святую гроту, дзе, паводле старажытнай традыцыі, пацалаваў калена статуі святога Бэнэдыкта, а пасля разам з прысутнымі памаліўся малітвай “Ойча наш”.
Леў XIV наведаў таксама кляштар святой Схаластыкі, дзе паабедаў разам з мясцовай бэнэдыктынскай супольнасцю. Ён агледзеў кляштар і яго панадворак, а ў другой палове дня вырушыў у Кастэль-Гандольфа, дзе праводзіць перыяд летняга адпачынку.
Наведваючы старажытныя святыні, Папа пакінуў запісы ў кнігах ганаровых гасцей. Пасля візіту ў кляштар святога Бэнэдыкта ён напісаў: “Ora et labora… Сведчанне бэнэдыктынскіх манахаў застаецца актуальным і надзвычай важным для Касцёла і сучаснага свету. Дзякую гэтай супольнасці за цудоўны прыём і заклікаю вас маліцца разам з усім Касцёлам аб міры ва ўсім свеце. З маім благаслаўленнем. Ва ўрачыстасць святой Марыі Магдалены”.
У сваю чаргу ў кнізе наведвальнікаў кляштара святой Схаластыкі Пантыфік напісаў: “Дзякую Пану за ласку наведаць гэтае святое месца ў дзень літургічнага ўспаміну святой Марыі Магдалены – першай, якая абвясціла пра ўваскрасенне Пана”.
