Леў XIV маліўся за мір у свеце ў абацтве Монтэ-Касіна
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Папа памаліўся каля магілы святога Бэнэдыкта, “даручыўшы яго заступніцтву сваю малітву аб міры ў рэгіёнах свету, якія пакутуюць ад кровапраліцця і ўзброеных канфліктаў”.
Пантыфік прывітаў пілігрымаў і турыстаў, прыняў удзел у малітве Літургіі гадзін разам з мясцовай бэнэдыктынскай супольнасцю, наведаў архіў і бібліятэку, а пасля абеду з манахамі вярнуўся ў Кастэль-Гандольфа.
Абат Монтэ-Касіна, айцец Лука Фаліка, расказаў ватыканскім СМІ, што візіт быў строга прыватным і таму загадзя пра яго не абвяшчалася. “Фактычна, ён быў пацверджаны толькі ўчора. Я змог паведаміць супольнасці толькі за некалькі гадзін да прыезду Святога Айца, таму ўсё прайшло ў духу прастаты і блізкасці. Думаю, Папа быў рады магчымасці наведаць гэтае месца, дзе ён быў шмат гадоў таму, калі, як сам мне сказаў, яшчэ быў студэнтам у Рыме”, - сказаў бэнэдыктынец.
Абацтва Монтэ-Касіна, разбуранае падчас Другой сусветнай вайны і адноўленае ў пасляваенныя гады, з’яўляецца асаблівым месцам малітвы за мір, якую манахі ўзносяць штодзённа. Падчас візіту Леў XIV запаліў Светач міру, які прывёз сюды Павел VI, калі падчас свайго візіту ў 1964 годзе абвясціў святога Бэнэдыкта апекуном Еўропы і сведкам міру.
