Леў XIV, Андрэа Бачэлі і моладзь: малітва і спеў дзеля міру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Цэнтр вышэйшай адукацыі “Laudato si’”, Мястэчка “Laudato si’” і дабрачынны Фонд Андрэа Бачэлі паведамілі падрабязнасці сустрэчы з удзелам Льва XIV і знакамітага італьянскага спевака, якая пройдзе 29 ліпеня 2026 года на тэрыторыі папскай летняй рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа. Мерапрыемства пад назвай “Гімн міру” адбудзецца з нагоды 800-годдзя з дня смерці святога Францішка з Асізі.
У межах сустрэчы Папа Леў XIV узначаліць малітву аб дары міру для свету, натхнёную “Гімнам стварэння” святога Францішка. У падзеі возьмуць удзел супрацоўнікі Дыкастэрый Святога Пасада, Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і структур Рымскай курыі, каб разам перажыць досвед братэрства і аднавіць намаганні па служэнні міру, прымірэнню і годнасці кожнага чалавека.
“Мэта ініцыятывы – аддаць даніну пашаны духоўнай спадчыне Асізскага Бедняка, які ў сваім “Гімне стварэння” падарыў свету бачанне ўсеагульнага братэрства, прымірэння і праслаўлення Стварыцеля”, - падкрэсліваецца ў афіцыйным камюніке.
Адзначаецца, што праз 800 гадоў пасля смерці святога Францішка з Асізі гэтае пасланне застаецца актуальным для свету, зраненага войнамі, рознагалоссямі і гуманітарнымі крызісамі. Яно нагадвае, што мір нараджаецца, калі мы прызнаем адзін аднаго братамі і сёстрамі, калі беражліва ставімся да прыроды і клапоцімся адзін пра аднаго.
Андрэа Бачэлі ўпрыгожыць малітоўную сустрэчу сваім спевам. У гэтым яму будуць дапамагаць 164 харысты – дзеці і моладзь з Ізраіля, Заходняга берагу ракі Ярдан, Уганды, Гаіці і паўднёвых рэгіёнаў Італіі. Удзел у малітве з Папам стане кульмінацыяй дзесяцідзённай сустрэчы, у якой яны бралі ўдзел дзякуючы Фонду Андрэа Бачэлі.
Ініцыятыва з’яўляецца часткай дзейнасці Мястэчка “Laudato si’” – месца, прысвечанага навучанню цэласнай экалогіі, дзе клопат пра стварэнне, абарона чалавечай годнасці і прыхільнасць да міру складаюць адзіную місію, укаранёную ў веры.
У памяць пра святога Францішка з Асізі, праз восемсот гадоў пасля яго смерці, “Гімн міру” павінен стаць не проста святам, але запрашэннем для ўсіх нанова ўсвядоміць сябе братамі і сёстрамі, ахоўнікамі аднаго агульнага дому і стваральнікамі міру, які нараджаецца ў сэрцах, будуецца ў адносінах і распаўсюджваецца ў свеце праз маленькія штодзённыя жэсты любові, дыялогу і надзеі.
