Пошук

Леў XIV і Андрэа Бачэлі ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа Леў XIV і Андрэа Бачэлі ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа  (ANSA)

Андрэа Бачэлі выступіць перад Папам у Кастэль-Гандольфа

Італьянскі тэнар Андрэа Бачэлі выступіць перад Львом XIV у Кастэль-Гандольфа. Музычны вечар пройдзе 29 ліпеня 2026 года ў мястэчку “Laudato si’” на тэрыторыі папскай летняй рэзідэнцыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Андрэа Бачэлі выканае новы твор “Гімн міру” (“Cantico dі pace”), спецыяльна напісаны з нагоды 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага, якое будзе адзначацца ў кастрычніку.

На сцэне яму будуць спадарожнічаць каля 170 маладых харыстаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў – удзельнікаў міжнароднага праекта “ABF Voices Of”. Гэтая ініцыятыва дабрачыннага Фонда Андрэа Бачэлі аб’ядноўвае маладыя таленты з розных куткоў свету, якія паходзяць з сацыяльна складаных асяроддзяў, у тым ліку закранутых канфліктамі і войнамі.

Сусветна вядомы тэнар ужо спяваў у Кастэль-Гандольфа ў прысутнасці Льва XIV. 5 верасня 2025 года ён браў удзел ва ўрачыстай цырымоніі інаўгурацыі мястэчка “Laudato si” на тэрыторыі папскіх віл.

Музычны вечар з удзелам Андрэа Бачэлі стане ўжо другім культурным мерапрыемствам, якое Святы Айцец наведае ў гэтым месяцы. 18 ліпеня 2026 года на плошчы перад Апостальскім палацам у Кастэль-Гандольфа адбыўся канцэрт сімфанічнай музыкі ў гонар Папы. Напрыканцы той сустрэчы Леў XIV адзначыў, што сучасны свет мае вялікую патрэбу ў прыгажосці. Ён падкрэсліў, што магчымасць аб’яднацца вакол такой падзеі з’яўляецца вялікім дарам, бо нагадвае, што існуе нешта большае за праблемы, а людзі здольныя разам ствараць прыгажосць, якая прамаўляе ад сэрца да сэрца і “дапамагае бачыць і ўзносіць позірк да неба”, - падкрэсліў Святы Айцец.

 

 

25 ліпеня 2026, 09:27