Святы Айцец: прыгажосць дапамагае ўзняць вочы да неба
Марыя Валодзіна – Vatican News
Мы жывём у свеце, якому не хапае прыгажосці. У ім шмат праблем, войнаў, канфліктаў, нянавісці, гвалту, беспрацоўя і іншага. Магчымасць аб'яднацца вакол такой падзеі– гэта вялікі дар, бо нагадвае нам аб тым, што ёсць нешта большае за ўсё гэта, што людзі здольныя разам ствараць прыгажосць, якая прамаўляе ад сэрца да сэрца і “дапамагае бачыць і ўзносіць позірк да неба”. Такімі словамі Леў XIV прывітаў удзельнікаў канцэрта, які адбыўся 18 ліпеня 2026 года на панадворку Апостальскага палаца ў Кастэль-Гандольфа. Культурная падзея была арганізавана дыяцэзіяй Альбана ў знак блізкасці і падтрымкі Пантыфіка.
Папа нагадаў пра сваё нядаўняе падарожжа ў Іспанію, падкрэсліўшы, што мастацтва дапамагае ўзняць позірк і адкрыць найлепшыя рысы чалавека. “Як вы ведаеце, крыху больш за месяц таму я здзейсніў падарожжа ў Іспанію. Мэтай паездкі было менавіта падняць вочы да неба. Музыка, мастацтва і прыгажосць – гэта інструменты, якія дапамагаюць нам убачыць, праз пошук Бога, тое, што з'яўляецца адным з найлепшых бакоў чалавечнасці, - заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік падзякаваў музыкантам і арганізатарам канцэрта за падарунак, адзначыўшы, што такія моманты “дазваляюць адчуць нешта вялікае, дакрануцца да таго, што Бог задумаў у стварэнні, а менавіта да прыгажосці”.
Канцэртны вечар адкрыў скрыпач Марка Ральяна, які выканаў “Паланэз” з варыяцыямі з Трэцяга канцэрта для скрыпкі Нікало Паганіні. Піяністка Разана Тамасі Голкар выканала “Вольную фантазію і варыяцыі на тэму “Нормы” Вінчэнца Беліні” у аранжыроўцы Луіса Бакалава. Салістку суправаджаў аркестр “Музыканты Пармы” пад кіраўніцтвам дырыжора П’ера Карла Арыцыа.
Вечар адкрыў біскуп Альбана Вінчэнца Віва, які прывітаў Льва XIV, падзякаваўшы ад імя мясцовага Касцёла за яго прысутнасць у Кастэль-Гандольфа. Ён назваў канцэрт магчымасцю выказаць удзячнасць і падзяліцца з Папам дарам сімфанічнай музыкі. Гаворачы пра “Норму” Беліні, ён нагадаў пра шматлікіх жанчын і маці, якія разам са сваімі дзецьмі ў шматлікіх зонах ваенных дзеянняў плацяць найвышэйшую цану вайны. Біскуп Віва выказаў надзею на прымірэнне, сугучную заклікам да міру, якія Святы Айцец паўтарае з пачатку свайго пантыфікату.
Канцэртная праграма была прысвечана творчасці двух геніяў італьянскай музыкі XIX стагоддзя – Нікало Паганіні і Вінчэнца Беліні. Асаблівае месца ў ім заняла аранжыроўка на тэму “Нормы”, якая раскрывае шлях галоўнай гераіні ад пакут да прабачэння і самаахвярнасці, ператвараючы асабістую гісторыю ў разважанне пра сілу любові, мір і надзею ў свеце, “узрушаным вятрамі вайны”. Канцэрт завяршыўся відэапраекцыяй выяў зорнага неба.
