Пошук

Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (AFP or licensors)

У Кастэль-Гандольфа адбудзецца сімфанічны канцэрт у гонар Папы

Увечары 18 ліпеня 2026 года ў Апостальскім палацы ў Кастэль-Гандольфа адбудзецца сімфанічны канцэрт у гонар Льва XIV, арганізаваны дыяцэзіяй Альбана ў знак блізкасці і падтрымкі яго служэння.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Біскуп Альбана Вінчэнца Віва адзначыў, што канцэрт задуманы як падарунак для Папы, а таксама як жэст любові і еднасці, які будзе суправаджацца малітвай за Пантыфіка. “Аднаўленне прысутнасці Святога Айца ў нашай дыяцэзіі напоўніла радасцю мясцовы касцёл і людзей, якія тут жывуць”, - сказаў ён.

Праграма адкрыецца “Паланэзам” з Канцэрта для скрыпкі з аркестрам № 3 мі мажор Нікало Паганіні. Яго выканае вядомы скрыпач Марка Ральяна.

Затым у выкананні піяністкі Разаны Тамасі Голкар прагучыць “Норма. Вялікая гісторыя кахання. Вольная фантазія і варыяцыі для фартэпіяна з аркестрам”. Твор уяўляе сабой пераасэнсаванне знакамітай оперы Вінчэнца Беліні, створанае лаўрэатам прэміі “Оскар” Луісам Бакалавым. Выкананне будзе суправаджацца відэапраекцыяй, якая перадасць ключавыя моманты оперы Беліні. Салістка будзе граць на раялі "Bechstein".

У канцэрце прыме ўдзел сімфанічны аркестр “Музыкі Пармы”, у склад якога ўваходзяць 55 музыкантаў пад кіраўніцтвам дырыжора П'ера Карла Арыцыа, мастацкага кіраўніка Міжнароднага фартэпіяннага фестывалю ў Брэшыі і Бергама.

16 ліпеня 2026, 13:08