Святы Айцец: літаратура вучыць нас глядзець на свет вачыма іншых
Марыя Валодзіна - Vatican News
24 чэрвеня 2026 года Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з пісьменнікамі з розных краін свету, якія сабраліся ў Рыме, каб адзначыць 100-гадовы юбілей Ватыканскага кніжнага выдавецтва LEV. Ён падкрэсліў значэнне кніг і літаратурнай творчасці для пошуку праўды, развіцця чалавечнасці і сведчання Бога.
Акт праўды
Святы Айцец назваў творчае пісьмо актам праўды, які раскрывае чалавечую асобу, яе перакананні, надзеі і бачанне будучыні. У гэтым пошуку праўда адкрываецца чалавеку як ва ўнутраным дыялогу з Богам, так і ў адкрытым і паважлівым дыялогу з блізкімі. Праўда не з’яўляецца тэрыторыяй, якую трэба абараняць, а дабром, якім трэба дзяліцца ("Magnifica humanitas", 25), - падкрэсліў Пантыфік, запрашаючы пісьменнікаў натхняць іншых да пошуку праўды.
Акт чалавечнасці
На думку Папы, літаратурная дзейнасць з'яўляецца таксама актам чалавечнасці. Ён нагадаў словы старажытнарымскага драматурга Тэрэнцыя: “Я чалавек, і нішто чалавечае мне не чужое”, а таксама вучэнне Папы Францішка, які падкрэсліваў выхаваўчую каштоўнасць літаратуры: чытанне дазваляе нам убачыць свет вачыма іншых людзей. Яно развівае эмпатыю, якая дазваляе нам атаясамліваць сябе з іншымі. Без такой эмпатыі не можа быць ні салідарнасці, ні здольнасці дзяліцца, ні спачування і міласэрнасці, - нагадаў Леў XIV.
Пантыфік адзначыў, што падчас стварэння сюжэтаў і літаратурных герояў аўтары вучацца разумець іх погляды, эмоцыі, пачуцці і паводзіны, а чытачы атрымліваюць магчымасць “пражыць” разам з героямі кніг шмат іншых лёсаў. Гэта адкрывае новыя перспектывы, дапамагае пазбягаць абсалютызацыі ўласных поглядаў і лепш спасцігаць абрысы той праўды, якая заўсёды пераўзыходзіць нас, - дадаў Святы Айцец.
Сведчанне пра Бога
Нарэшце, літаратурная творчасць датычыцца Бога, - заўважыў Леў XIV. Ён адзначыў, што спробы асэнсаваць фундаментальныя пытанні нашага жыцця — як любіць, як быць справядлівым, свабодным, як сустракаць пакуты і смерць — набліжае нас да разумення Хрыста, самага чалавечнага з усіх. Бог адкрываецца ў канкрэтных чалавечых гісторыях: у вызваленні з рабства, у нараджэнні сына, калі ўсякая надзея здавалася страчанай, у міласэрнай і вернай любові. Ён дзейнічае ў нашым жыцці праз тое, што мы робім і кім мы ёсць, а таксама праз многіх людзей, якіх мы сустракаем, - нагадаў Папа.
Напрыканцы сустрэчы Леў XIV звярнуўся да пісьменнікаў словамі Паўла VI, сказанымі калісьці ўсім творцам: “Вы нам патрэбныя”. Ён запэўніў аўтараў у тым, што свет мае патрэбу ў іх творчай фантазіі, апавядальнай здольнасці і жывой думцы, каб ствараць прастору свабоды і сапраўднасці, у якой з Божай ласкай можа загучаць абяцанне суцяшэння і міру. Папа благаславіў пісьменнікаў, падзякаваўшы ім за кожны раз, калі яны сеялі насенне прымірэння, сустрэчы і сяброўства.
