Пошук

Леў XIV падчас малітвы "Анёл Панскі" Леў XIV падчас малітвы "Анёл Панскі"  (@Vatican Media)

“Анёл Панскі”: позірк Хрыста змяняе пакуты чалавецтва

Перад малітвай "Анёл Панскі" Леў XIV заклікаў вернікаў адказаць на місію Хрыста, які са спачуваннем глядзіць на раны свету, прыносячы надзею, суцяшэнне і спагадлівае служэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нядзелю, 14 чэрвеня 2026 года, Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з традыцыйным разважаннем перад малітвай "Анёл Панскі". Пантыфік засяродзіўся на літургічным урыўку з Евангелля паводле Мацвея на ХI Звычайную нядзелю, які, паводле яго слоў, прыносіць чалавецтву вялікі дар. Гэтае Божае слова дазваляе кожнаму слухачу раздзяліць позірк Езуса і адчуць Яго глыбокую ўвагу. Хрыстус, бачачы стомленыя і знясіленыя натоўпы людзей, выяўляе да іх спачуванне.

Наступнік Пятра падкрэсліў, што Сын Божы, стаўшы нашым братам, глядзіць на чалавецтва і бачыць прыгнёт, які знішчае людзей, і насілле, якое адымае сілы. Перад Яго вачыма паўстаюць раны войнаў, пустата сучаснага спажывальніцтва і сем’і, разбураныя злом. Хрыстус заўважае маладых людзей, ашуканых ілжывымі ідэаламі, і твары, ператвораныя ў маскі.

"Езус бачыць і любіць", – адзначыў Папа, нагадваючы, што Божая спагада выказвае не толькі братэрскую блізкасць, але і волю да адкуплення.

Пан добра ведае людское сэрца і клапоціцца пра яго, бачачы супольнасць, падобную да авечак без пастыра. Менавіта таму Хрыстус прысвячае Сябе людзям як Добры Пастыр і, як Гаспадар жніва, пасылае працаўнікоў на ніву гэтага свету. Папа растлумачыў, што іх галоўная задача – несці Божае суцяшэнне тым, хто пакутуе. Гэта азначае абвяшчаць надзею сярод смутку, дзяліцца любоўю там, дзе пануе галеча, і мацаваць веру там, дзе пануе недавер.

Евангелле захавала імёны першых дванаццаці работнікаў-вучняў, якія сталі апосталамі, місіянерамі і прапаведнікамі. Сярод іх ёсць Сымон, названы Пятром, які быў першым, і Юда Іскарыёт, які стаў апошнім. Гэты пералік нагадвае, што за Езусам можна ісці, але Яму можна і здрадзіць, аднак Божае слова заўсёды застаецца для ўсіх жывым і праўдзівым.

Прайшоўшы праз стагоддзі, Добрая Навіна захоўвае сваю свежасць і заўсёды вызваляе, абвяшчаючы: "Блізка Валадарства Нябеснае". Калі гэтае Евангелле абвяшчаецца і здзяйсняецца, зло знішчаецца, як хвароба перад ацаленнем, як ноч перад світанкам і як смерць, пераможаная Уваскрэслым, - заўважыў Леў XIV

Позірк Хрыста здольны цалкам змяніць навакольную рэчаіснасць, бо Яго напоўненая любоўю ініцыятыва стварае новы народ – Касцёл. Гэтая супольнасць вернікаў заклікана працягваць гістарычную місію апосталаў.

Папа заклікаў памятаць словы Хрыста: "Дарма атрымалі, дарма і давайце". Божы дар цалкам бясплатны, бо яго каштоўнасць пераўзыходзіць любыя чалавечыя меркі. Гэтая ласка з’яўляецца прыгожым імем Божай міласэрнасці, якая дасягае нас паўсюль, каб прывесці да Сябе.

На заканчэнне свайго разважання Пантыфік падкрэсліў, што справа евангелізацыі нараджаецца з Божага дару, які ў Хрысце становіцца прабачэннем для свету. Гэтая місія патрабуе шчырага служэння найменшым і бедным, а таксама рашучай працы дзеля справядлівасці.

Святы Айцец заклікаў кожнага маліцца да Гаспадара жніва, каб Ён паслаў новых работнікаў на Сваю ніву. Леў XIV папрасіў заступніцтва ў Найсвяцейшай Панны Марыі, поўнай ласкі, каб вернікі маглі з радасцю і мужнасцю адказаць на гэты Божы заклік.
 

14 чэрвеня 2026, 12:16

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >