Папа: сведчыць Евангелле – гэта дзяліцца досведам сустрэчы з Богам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа пракаментаваў словы літургічнага ўрыўку Евангелля (Мц 10, 26-33), у якім Езус, пасылаючы вучняў на місію, між іншым звяртаецца да іх з такім заклікам: “Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах”.
“Езус звязвае тое, што мы чуем “на вуха”, гэта значыць у таямніцы сэрца, з тым, што мы пакліканы абвяшчаць усім, нагадваючы нам, што абвяшчэнне Евангелля – гэта перадусім дзяленне асабістай сустрэчай з Ім, непаўторнай для кожнага”, - сцвердзіў Леў XIV.
Пантыфік заўважыў, што “сіла апостальства, незалежна ад тэхнік і сродкаў, грунтуецца на дзеянні Духа Святога ў нас і на сапраўднасці нашага адказу”. Ён нагадаў словы святога Тамаша Аквінскага, які казаў пра прапаведаванне як пра перадачу іншым таго, што мы сузіралі: “contemplata aliis tradere” (“перадаваць іншым тое, што было прадметам сузірання”).
“І не трэба думаць, што “сузіранне” – гэта выключны досвед, даступны толькі некаторым святым, манахам або пустэльнікам. Усе мы можам гэта рабіць, стараючыся захоўваць сярод штодзённых абавязкаў хвіліны цішыні, каб у маўчанні стаць перад Богам, слухаць Ягоны голас, давяраць Яму свае радасці і клопаты, разам з Ім пераглядаць сваё жыццё. Гэта дапамагае нам усё больш станавіцца людзьмі з трывалай і свядомай верай, а таму – пераканаўчымі і свабоднымі апосталамі, людзьмі, здольнымі адлюстроўваць святло Евангелля ў кожным асяроддзі і ў кожнай жыццёвай сітуацыі, а таксама сведчыць пра яго нават там, дзе яго каштоўнасць не разумеецца або не прымаецца”, - падкрэсліў Папа.
Леў XIV заўважыў, што “святы Мацвей – аўтар біблійнага ўрыўка, пра які ідзе гаворка, – пісаў для супольнасцяў, жыццё якіх не было лёгкім”. “Яны мусілі сутыкацца з варожасцю і пераследам, як і сёння многія хрысціяне ў розных частках свету, а спакуса ўпасці духам і паддацца стомленасці або страху была вельмі вялікай”, - нагадаў Папа.
“Цяпер, як і тады, заставацца вернымі навучанню Езуса і абвяшчаць Ягонае слова патрабуе высілкаў: адказваць на нянавісць любоўю, на грубасць – лагоднасцю, на зняверанасць – вытрываласцю. Таму неабходна глыбока ўкараніць нашу веру і нашу місію ў інтэнсіўных адносінах з Ім. Гэта дае нам сілу не здавацца і працягваць перадаваць усім, пры любых абставінах, Яго пасланне надзеі, любові і міру. Свет вельмі гэтага патрабуе!”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў у малітве папрасіць Багародзіцу, каб яна дапамагла нам быць місійнымі вучнямі Пана Езуса, кожнаму паводле свайго паклікання.