Папа: пазбягаць таго, што разбурае і раніць еднасць Касцёла

Пазбягаць таго, што разбурае або раніць еднасць Касцёла, - заклікаў Леў XIV падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла ў Ватыкане 29 чэрвеня 2026 года ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што сведчанне апосталаў Пятра і Паўла “з’яўляецца амаль пячаткай Новага Запавету”, бо “кроў, пралітая імі ў гэтым горадзе, паказвае, наколькі далёка сягае Божая любоў, якую нам даў Пан Езус”.

Папа нагадаў, што “менавіта праз іх слова і іх мучаніцтва Евангелле Хрыста, так бы мовіць, укаранілася ў Рыме, выявіўшы тут, у сталіцы імперыі, сваю здольнасць да абнаўлення”: яно прынесла новае пазнанне Бога і бясконцай годнасці кожнага чалавека, новы досвед улады – не як панавання, а як служэння жыццю.

“Нават сёння Пан, які памёр і ўваскрос з любові, становіцца прысутным у сваіх сведках, дасягае цэнтраў і перыферыі, сталіц і самых аддаленых рэгіёнаў праз галасы, твары, адважныя рашэнні тых, хто адказаў на Яго заклік: “Ідзі за Мною!”. Такім чынам, гэты святочны дзень уключае нас у місію Пятра і Паўла, гэта значыць у місію самога Езуса. Бог давярае нам, якія з’яўляемся грэшнікамі, прабачанымі Ім, нам, якія не з’яўляемся дасканалымі, каб у нашых гісторыях ззяла Яго ласка, каб выявілася Яго сіла, якая перамяняе зло на дабро”, - падкрэсліў Папа.

Леў XIV заўважыў, што “Пётр і Павел не маглі быць больш рознымі адзін ад аднаго”: рознымі па паходжанні, адукацыі, характары і не толькі да паклікання, але і пасля яго – “адзіны Пан не зрабіў іх аднолькавымі”.

“Евангелле кожны з іх разумеў і абвяшчаў з уласным акцэнтам; і Святы Дух, натхняючы біблійных аўтараў, хацеў, каб іх адрозненні не былі схаваныя – і насамрэч яны падаюцца нам як Добрая навіна. Аднак у калегіі апосталаў Пётр і Павел не былі праціўнікамі. Наадварот, яны сталі сімвалам многіх іншых адрозненняў, якія адзіны Дух аб’ядноўвае ў еднасць. Так апекуны Касцёла ў Рыме перажылі цяжкасці, якія прадугледжвае еднасць, пазналі яе, служылі ёй і абвяшчалі яе як сакрамэнт Божага жыцця. Іх сведчанне істотна паспрыяла таму, каб хрысціянская прысутнасць у гісторыі была скіравана не да панавання, а да служэння, адзінства і прымірэння”, - нагадаў Папа.

“Няхай Пан праз заступніцтва святых Пятра і Паўла дапаможа нам усё больш цаніць каталіцкасць Касцёла, прызнаваць яе каштоўнасць для братэрскай сустрэчы паміж людзьмі і народамі, пазбягаць таго, што разбурае або раніць еднасць, трываць на шляху экуменізму і ва ўважлівым і шчырым дыялогу з усімі”, - пажадаў Леў XIV.
 

29 чэрвеня 2026, 12:05

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >