Леў XIV пра кардынала Руіні: мудры брат з дальнабачным позіркам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Паведамленне пра смерць кардынала Руіні, ганаровага Генеральнага вікарыя Рымскай дыяцэзіі, выклікае ў маёй душы пачуцці глыбокага смутку разам з удзячнасцю Пану за дар гэтага шанаванага чалавека Касцёла”, - напісаў Папа ў спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя кардынала Бальдасарэ Рэйна, папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.
Пантыфік адзначыў, што кардынал Руіні з вялікай ахвярнасцю выконваў сваё служэнне спачатку ў дыяцэзіі Рэджа-Эмілія-Гуастала, дзе быў дапаможным біскупам, а потым – “да канца свайго доўгага жыцця” – на карысць Рымскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Італіі.
“Успамінаючы гэтага дасведчанага і мудрага брата, умацаванага глыбокай верай, вострым розумам і дальнабачным позіркам, які са сціпласцю і самаадданасцю служыў Евангеллю і Касцёлу, я думаю пра яго плённую працу на карысць Канферэнцыі Біскупаў Італіі і развіцця плённага дыялогу са светам культуры”, - напісаў Святы Айцец.
“Прашу Пана, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, прыняць яго ў Нябесным Ерузалеме, і ад усяго сэрца ўдзяляю апостальскае благаслаўленне ўсім, хто аплаквае яго адыход, з удзячнасцю думаючы пра тых, хто клапатліва даглядаў яго”, - дадаў Леў XIV.
