Пошук

Кардынал Каміла Руіні Кардынал Каміла Руіні  (ANSA)

Спачыў кардынал Руіні, які ў 2000 годзе наведваў Беларусь

У Рыме ва ўзросце 95 гадоў памёр кардынал Каміла Руіні, былы папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, які ў 2000 годзе наведваў Мінск.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

16 чэрвеня 2026 года, адышоў у вечнасць кардынал Каміла Руіні. Ён на працягу многіх гадоў адыгрываў важную ролю ў жыцці Каталіцкага Касцёла. З 1991 па 2007 год ён узначальваў Канферэнцыю Біскупаў Італіі. Акрамя таго, з 1991 па 2008 год іерарх быў генеральным вікарыем Яго Святасці для Рымскай дыяцэзіі і архіпрэзбітэрам Базілікі Святога Яна на Латэране.

Пра смерць кардынала паведамілі кардынал-вікарый Бальдасарэ Рэіна і Біскупская рада Рымскай дыяцэзіяй. У афіцыйнай ноце яны выказалі ўдзячнасць за яго "доўгае і плённае хрысціянскае жыццё" і адданае служэнне. Яго пастырскае кіраўніцтва пакінула глыбокі след. Кардынал быў "праніклівым у распазнаванні палітычных і сацыяльных паваротаў краіны". Ён лічыў прынцыповым кіраваць культурнымі зменамі з каталіцкім гонарам, згодна са сваім біскупскім дэвізам "Veritas liberabit nos".

Варта ўзгадаць, што ў 2000 годзе кардынал Руіні наведаў Беларусь з нагоды заканчэння Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.

Пахавальная літургія адбудзецца ў чацвер, 18 чэрвеня 2026 года, у 16.30 каля Алтара Катэдры ў Базіліцы Святога Пятра. Яе ўзначаліць Леў XIV.

Пасля смерці кардынала Руіні змяніўся склад Калегіі кардыналаў. Цяпер яна налічвае 241 іерарха, сярод якіх 117 з'яўляюцца выбаршчыкамі, паколькі яны маладзейшыя за 80 гадоў, і таму захоўваюць права голасу на магчымым канклаве.

Апошнія месяцы жыцця кардынала Руіні былі адзначаны цяжкімі выпрабаваннямі. Стан яго здароўя значна пагоршыўся, што патрабавала штодзённага догляду. У ліпені 2024 года ён перанёс інфаркт, а ў 2025 годзе – ныркавую недастатковасць, у выніку чаго спатрэбілася шпіталізацыя ў рымскую клініку “Джэмэлі”.
 

17 чэрвеня 2026, 10:08