Пошук

Святы Айцец: чалавечая годнасць не мае пашпарта

“Кожны човен, які прыбывае, нясе не толькі мігрантаў; ён нясе пытанне: які свет мы пабудавалі, калі столькі братоў павінны апынацца перад пагрозай смерці ў пошуках жыцця?”, - сказаў Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі структур, якія дапамагаюць мігрантам на Канарскіх астравах.


Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV пачаў свой візіт на архіпелаг, спаўняючы жаданне Францішка, які хацеў падзякаваць мясцовым жыхарам за гасціннасць да мігрантаў. Сустрэча з ратавальнікамі, валанцёрамі і ахвярамі гандлю людзьмі адбылася ў порце Аргінегін, на ўсходзе вострава Гран-Канарыя.

На пачатку цырымоніі былі прачытаны евангельскія словы, якімі Езус атаясаміў сябе з галоднымі, прагнучымі, падарожнымі і вязнямі, папярэджваючы, што мы будзем судзімы па нашых адносінах да такіх людзей. У гэтым, “адным з самых складаных урыўкаў Евангелля”, утрымліваецца перасцярога, “якую ніводзін вернік не можа ўспрымаць легкадумна”, - падкрэсліў Папа.

Божае слова “пытаецца ў нас, ці ўмелі мы распазнаць Хрыста ў тых, хто высаджваецца на бераг, адзначаны страхам, голадам і гвалтам, пасля пустыні, ночы і мора”, - дадаў ён, заўважаючы, што на астравы прыбываюць “многія параненыя людзі, пазбаўленыя амаль усяго, але ніколі – сваёй годнасці”.

Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам
Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам   (@Vatican Media)

Пантыфік падкрэсліў, што пярсцёнак Рыбака, які ён носіць на руцэ, нагадвае пра заданне, даручанае Езусам Пятру, і якое Касцёл зразумеў як вобраз уласнай місіі: “Адгэтуль будзеш лавіць людзей” (Лк 5,10).

“Гэты востраў, малы па плошчы, але вялікі ў чалавечнасці, бачыў прыбыццё тысяч людзей, вырваных са сваёй зямлі і кінутых на міласць крохкага чоўна. Сярод іх ёсць людзі, выратаваныя ў моры, і нежывыя целы, вынятыя з водаў. Таму Наступнік Пятра не можа заставацца абыякавым да гэтых прыстаняў. Касцёл не можа ігнараваць гэтыя воды, як і ніводнае іншае месца, дзе голад, смага, гвалт, страх або выгнанне працягваюць раніць чалавечую годнасць. Вучні Езуса не могуць лічыць чужым крык тых, хто кліча з начы”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што падобна таму як у Бібліі мора часта з’яўляецца “вобразам пагрозы, цемры і хаосу” – месцам, дзе жывуць жудасныя Левіятан і Рагаб – “таксама і сёння існуюць “пачвары”, што блукаюць у гэтых морах: злачынныя групоўкі, якія гандлююць адчаем, гандляры, якія робяць жанчын і дзяцей рабамі, а таксама абыякавасць многіх, якая дазваляе бедным быць паглынутымі эксплуатацыяй або забыццём”.

Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам
Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам   (@Vatican Media)

Пантыфік падкрэсліў, што падобна таму як Бог правёў Ізраэль да свабоды і жыцця праз воды Чырвонага мора, і як Езус загадаў спыніцца буры, таксама і Касцёл не можа маўчаць перад абліччам пагрозаў, якія спадарожнічаюць міграцыі. Каментуючы сведчанні валанцёраў і ратавальнікаў, ён адзначыў каштоўнасць нават малых учынкаў дапамогі.

“Гаворка ідзе не пра тое, каб вырашыць усё, але каб аддаць усё ў рукі Бога і быць побач – там, дзе пакутуе чалавек, дзе не хапае рэсурсаў і няма агульнай мовы, але дзе яшчэ могуць гаварыць жэсты. Шчыры дзякуй усім, хто ўдзельнічае ў выратаванні, прыёме і суправаджэнні, сведчачы, што канкрэтная міласэрнасць можа ратаваць і змяняць многія жыцці”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў мігрантам пра іх чалавечую годнасць і заклікаў не давяраць гандлярам людзьмі. “Вы не лічбы і не дасье! Вы – людзі з сям’ёй і домам, які вы пакінулі, з марамі, якімі ніхто не мае права пагарджаць. Але я таксама хачу сказаць вам, што ваша жыццё трэба абараняць. Не аддавайце яго тым, хто гандлюе людзьмі. Не верце тым, хто абяцае лёгкі рай у абмен на ваша цела, грошы, маўчанне або свабоду. Гэтыя фальшывыя абяцанні – “спевы сірэн”, гэта індустрыя смерці”, - падкрэсліў Леў XIV.

Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам
Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам   (@Vatican Media)

Пантыфік адзначыў, што драматычны досвед мігрантаў павінен стаць заклікам да сумлення: “краін паходжання, якія павінны ствараць умовы для міру, справядлівасці і развіцця; транзітных краін, пакліканых абараняць і не пакідаць слабых у руках злачынных сетак; Еўропы, якая не можа абвяшчаць чалавечую годнасць і прызвычайвацца да таго, што Міжземнамор’е і Атлантыка становяцца могілкамі без надмагілляў; міжнароднай супольнасці, пакліканай да эфектыўнага і настойлівага супрацоўніцтва”.

Папа заўважыў, што ў Касцёле прыняцце мігрантаў “не можа быць чымсьці другасным” ці даручаным “толькі некаторым валанцёрам”, бо ўшанаванне Езуса ў Эўхарыстыі і малітва павінны напаўняць любоўю, якая не дазваляе “праходзіць міма” і выяўляецца ў служэнні.

Святы Айцец пажадаў, каб сведчанні ратавальнікаў, валанцёраў і мігрантаў дасягнулі палітыкаў, заканадаўцаў, міжнародных арганізацый, хрысціянскіх супольнасцей, прадстаўнікоў іншых рэлігійных традыцый і ўсіх людзей добрай волі. “Недастаткова толькі кіраваць прыбыццямі, рабіць падлікі, узмацняць межы або шкадаваць пра смерці, калі яны ўжо адбыліся. Кожны човен, які прыбывае, нясе не толькі мігрантаў; ён нясе пытанне: які свет мы пабудавалі, калі столькі братоў павінны апынацца перад пагрозай смерці ў пошуках жыцця?”, - сцвердзіў Папа.

“Чалавечая годнасць патрабуе законных і бяспечных шляхоў, выратавання і дапамогі, рэальнага супрацоўніцтва ў барацьбе з гандлярамі людзьмі, эфектыўнай абароны ахвяр, сур’ёзных працэсаў прыёму і інтэграцыі, а таксама палітыкі, якая дазваляе кожнаму жыць з годнасцю на сваёй зямлі. Калі існуе права шукаць прытулак у выпадку пагрозы для жыцця, існуе таксама права не быць вымушаным міграваць: права заставацца дома без голаду, без вайны, без пераследу, без гвалту, без таго, каб зямля станавілася непрыдатнай для жыцця, без таго, каб карупцыя крала хлеб у бедных, без таго, каб зброя знішчала будучыню дзяцей. Мы не можам прызвычаіцца лічыць памерлых. Чалавечая годнасць не мае пашпарта і не губляе каштоўнасці пры перасячэнні мяжы”, - падкрэсліў Пантыфік.

Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам
Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам   (@Vatican Media)

“Бог, які “на захадзе жыцця будзе судзіць нас па любові”, няхай дапаможа нам сёння распазнаваць Яго ў бедных і чужынцах і няхай вызваліць нас ад таго, каб глядзець на чужы боль як на нешта, што нас не датычыць. Няхай Маці Божая з Кармэлю суправаджае тых, хто прыбыў, суцяшае тых, хто страціў блізкіх, падтрымлівае тых, хто іх прымае, і абуджае ва ўсіх нас адвагу міласэрнасці”, - сказаў Папа.

“І няхай гісторыя не абвінаваціць нас у тым, што мы ператварылі боль тых, хто пакутуе, у звыклы пейзаж нашых узбярэжжаў. Бо сёння, тут, на беразе мора, кожнае жыццё, якое прыбывае, пытаецца ў нас, што застаецца ад нашай чалавечнасці. Рана ці позна стане вядома, ці здолелі мы захаваць гэту чалавечнасць або дазволілі абыякавасці гаварыць за нас”, - завяршыў прамову Пантыфік.

На заканчэнне цырымоніі Папа ўшанаваў памяць загінулых у моры мігрантаў, апусціўшы ў ваду вянок з кветак. Перад тым як пакінуць порт ён благаславіў крыж, зроблены з дрэва мігранцкага чоўна.
 

11 чэрвеня 2026, 12:05