Пошук

Візіт у Іспанію: Папа адправіўся на Канарскія астравы

Папа распачаў апошні этап свайго падарожжа ў Іспанію. Раніцай 11 чэрвеня 2026 года самалёт іспанскай авіякампаніі “Iberia” з Пантыфікам на борце вылецеў з Барселоны ў кірунку Канарскіх астравоў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Канары – вялікі архіпелаг ва ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна, які складаецца з сямі вялікіх астравоў, шасці меншых астравоў, а таксама надводных скал і дробных астраўкоў. Рэгіён з’яўляецца важным пунктам міграцыйных шляхоў – ён знаходзіцца ўсяго ў ста кіламетрах ад узбярэжжа Афрыкі. Адна з мэтаў візіту Папы – падзякаваць мясцовым жыхарам за велікадушнасць і дапамогу людзям, якія шукаюць лепшай будучыні.

Пантыфік вылецеў ў Лас-Пальмас – найбуйнейшы горад архіпелага, які знаходзіцца на востраве Гран-Канарыя – пасля кароткай развітальнай цырымоніі ў аэрапорце Барселоны, якая прайшла з удзелам мясцовых уладаў. Палёт працягнецца тры з паловай гадзіны. За гэты час у паветры будзе пераадолена 2174 кіламетры над тэрыторыяй Іспаніі, Марока і Партугаліі.

З аэрапорта Лас-Пальмаса Святы Айцец адправіцца на аўтамабілі ў порт Аргінегін на паўднёвым узбярэжжы Гран-Канарыі, які часам называюць “портам ганьбы”. У 2020 годзе, на пачатку пандэміі каранавіруса, сюды за кароткі час прыбылі тысячы мігрантаў з розных краін Афрыкі на перапоўненых і ненадзейных лодках. З-за каранцінных абмежаванняў дапамогу ім аказвала пераважна толькі “Caritas”, забяспечваючы ежай і неабходнымі медыцынскімі сродкамі.

У порце Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі шматлікіх каталіцкіх структур, якія аказваюць дапамогу мігрантам. Ён выслухае сведчанні ратавальнікаў, валанцёраў і ахвяр гандлю людзьмі, а таксама ўшануе памяць мігрантаў, якія загінулі ў моры.

Наступным пунктам праграмы першага дня прабывання Святога Айца на Канарскіх астравах стане сустрэча з мясцовымі біскупамі, святарамі, дыяканамі, манахамі і манахінямі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі. Яна адбудзецца ў катэдральным касцёле святой Ганны ў Лас-Пальмасе.

Увечары Пантыфік прыбудзе на сталічны стадыён, дзе ўзначаліць святую Імшу. Падчас літургіі на іспанскай мове малітва вернікаў будзе чытацца таксама на іншых мовах – англійскай, французскай і валоф.
 

11 чэрвеня 2026, 09:23