Пантыфік – біскупам Камеруна: несці адзінства ў падзелены свет
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Увечары 16 красавіка 2026 года Леў XIV сустрэўся ў апостальскай нунцыятуры ў Яўндэ з біскупамі Камеруна. У размове з іерархамі закраналіся розныя тэмы, якія актуальныя для Касцёла і краіны.
Пантыфік падкрэсліў важнасць адзінства – “дару, які павінен прысутнічаць у Касцёле, і якім варта дзяліцца ў свеце, падзеленым, разарваным канфліктамі і палярызацыяй”.
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на каштоўнасць “духоўнага жыцця пастыраў, якое робіць іх сапраўднымі сведкамі”. Ён згадаў пра “благаслаўленне вялікай колькасці пакліканняў” у Камеруне і пра выклік, які з гэтага вынікае – “з адказнасцю фармаваць маладых людзей на духоўным, інтэлектуальным і эмацыйным узроўні, каб яны былі святарамі, чыёй адзінай уладай будзе служэнне, па прыкладзе абмывання ног, здзейсненага Езусам і якое паўтараецца ў Вялікі чацвер”.
