Пантыфік – біскупам Камеруна: несці адзінства ў падзелены свет

У размове з камерунскімі біскупамі Папа нагадаў пра важнасць адзінства, згадаў пра вялікую колькасць пакліканняў у краіне і заклікаў спрыяць фармацыі святароў, гатовых прысвяціць сябе служэнню.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Увечары 16 красавіка 2026 года Леў XIV сустрэўся ў апостальскай нунцыятуры ў Яўндэ з біскупамі Камеруна. У размове з іерархамі закраналіся розныя тэмы, якія актуальныя для Касцёла і краіны.

Пантыфік падкрэсліў важнасць адзінства – “дару, які павінен прысутнічаць у Касцёле, і якім варта дзяліцца ў свеце, падзеленым, разарваным канфліктамі і палярызацыяй”.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на каштоўнасць “духоўнага жыцця пастыраў, якое робіць іх сапраўднымі сведкамі”. Ён згадаў пра “благаслаўленне вялікай колькасці пакліканняў” у Камеруне і пра выклік, які з гэтага вынікае – “з адказнасцю фармаваць маладых людзей на духоўным, інтэлектуальным і эмацыйным узроўні, каб яны былі святарамі, чыёй адзінай уладай будзе служэнне, па прыкладзе абмывання ног, здзейсненага Езусам і якое паўтараецца ў Вялікі чацвер”.
 

17 красавіка 2026, 09:35