Пошук

Прамова Льва XIV у канферэнц-цэнтры “Djamaa el Djazair” перад прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса Прамова Льва XIV у канферэнц-цэнтры “Djamaa el Djazair” перад прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса 

Леў XIV заклікаў Алжыр стаць рухавіком новай справядлівасці

Падчас візіту ў Алжыр Леў XIV заклікаў да салідарнасці і справядлівасці, назваўшы краіну важным мостам для дыялогу паміж народамі ў свеце, які пакутуе ад шматлікіх канфліктаў.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Святы Айцец распачаў сваё падарожжа як “пілігрым міру”, падкрэсліваючы глыбокую духоўную сувязь з алжырскай зямлёй. Як духоўны сын святога Аўгустына, ён ужо двойчы наведваў горад Анаба ў мінулым, але гэтым разам прыбыў як Наступнік Пятра, каб сустрэцца са шляхетным алжырскім народам.

Пасля наведвання Манумента пакутнікаў "Макам Эшахід" у сталіцы краіны 13 красавіка 2026 года Пантыфік накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац “El Mouradia” – велічны будынак, што спалучае андалузскі і магрэбскі стылі. Там яго прывітаў Прэзідэнт Абдэльмаджыд Тэбун, які быў перавыбраны на другі тэрмін у 2024 годзе і раней ужо сустракаўся з Пантыфікам у Ватыкане. Пасля цырымоніі прывітання і агляду ганаровай варты лідары правялі прыватную размову і абмяняліся падарункамі.

Галоўнай падзеяй дня стала прамова Льва XIV у канферэнц-цэнтры “Djamaa el Djazair” перад прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

Пантыфік заўважыў, што ўсе мы з’яўляемся братамі і сёстрамі, бо маем аднаго Айца на нябёсах. Менавіта ў гэтым усведамленні, на думку Папы, крыецца ключ да адкрыцця шматлікіх зачыненых дзвярэй у сучасным свеце, поўным непаразуменняў.

Справядлівасць як падмурак сапраўднага міру і салідарнасці

Леў XIV звярнуў увагу на ўкаранёную ў мясцовай культуры традыцыю гасціннасці. Ён асабліва вылучыў паняцце “sadaka” – міласціну, якая ў сваёй аснове азначае справядлівасць. Паводле слоў Папы, несправядлівым з’яўляецца той, хто назапашвае багацце і застаецца абыякавым да патрэб іншых. “Рэлігія без спачування і грамадскае жыццё без салідарнасці – гэта скандал перад абліччам Бога”, - адзначыў ён.

Прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджыд Тэбун вітае Папу ля Прэзідэнцкага палаца “El Mouradia”
Прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджыд Тэбун вітае Папу ля Прэзідэнцкага палаца “El Mouradia”

Пантыфік нагадаў пра выклікі глабалізацыі, спаслаўшыся на думкі сваіх папярэднікаў – Бэнэдыкта XVI і Францішка. Ён падкрэсліў, што Алжыр, дзякуючы свайму драматычнаму гістарычнаму досведу, мае асаблівы погляд на сусветную раўнавагу і можа паспрыяць усталяванню большай справядлівасці паміж народамі.

Папа заклікаў тых, хто валодае ўладай, не баяцца развіцця жывой і свабоднай грамадзянскай супольнасці, дзе асаблівая роля адводзіцца моладзі.

Міжземнамор’е і Сахара: ад могілак да аазісаў сустрэчы і надзеі

Геаграфічнае становішча краіны паміж Міжземным морам і Сахарай Папа назваў духоўным скрыжаваннем велізарнай важнасці. Ён перасцярог ад ператварэння гэтых прастор у “могілкі, дзе памірае надзея”, заклікаўшы выкараняць прычыны адчаю і змагацца з тымі, хто атрымлівае прыбытак ад чалавечых пакут.

Каталіцкі Касцёл у Алжыры, як адзначыў Святы Айцец, імкнецца ўносіць свой уклад у агульнае дабро, служачы сувязным звяном паміж Поўначчу і Поўднем, Усходам і Захадам.

На заканчэнне Леў XIV закрануў праблему напружанасці паміж рэлігійным пачуццём і сучасным жыццём. Ён адзначыў небяспеку як фундаменталізму, так і радыкальнай секулярызацыі, якія вядуць да страты сапраўднага разумення годнасці стварэнняў Божых.

Выйсце Пантыфік бачыць у выхаванні крытычнага мыслення і культуры дыялогу, якія дазваляюць бачыць у іншым чалавеку спадарожніка, а не пагрозу. Папа пажадаў алжырскаму народу дару прымірэння і заклікаў на ўсіх благаслаўленне Усявышняга.

У другой палове дня 13 красавіка 2026 года Леў XIV наведае Вялікую мячэць Алжыра – трэцюю па памеры ў свеце, з самым высокім мінарэтам вышынёй 267 метраў.
 

13 красавіка 2026, 14:15