Леў XIV заклікаў Алжыр стаць рухавіком новай справядлівасці
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Святы Айцец распачаў сваё падарожжа як “пілігрым міру”, падкрэсліваючы глыбокую духоўную сувязь з алжырскай зямлёй. Як духоўны сын святога Аўгустына, ён ужо двойчы наведваў горад Анаба ў мінулым, але гэтым разам прыбыў як Наступнік Пятра, каб сустрэцца са шляхетным алжырскім народам.
Пасля наведвання Манумента пакутнікаў "Макам Эшахід" у сталіцы краіны 13 красавіка 2026 года Пантыфік накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац “El Mouradia” – велічны будынак, што спалучае андалузскі і магрэбскі стылі. Там яго прывітаў Прэзідэнт Абдэльмаджыд Тэбун, які быў перавыбраны на другі тэрмін у 2024 годзе і раней ужо сустракаўся з Пантыфікам у Ватыкане. Пасля цырымоніі прывітання і агляду ганаровай варты лідары правялі прыватную размову і абмяняліся падарункамі.
Пантыфік заўважыў, што ўсе мы з’яўляемся братамі і сёстрамі, бо маем аднаго Айца на нябёсах. Менавіта ў гэтым усведамленні, на думку Папы, крыецца ключ да адкрыцця шматлікіх зачыненых дзвярэй у сучасным свеце, поўным непаразуменняў.
Справядлівасць як падмурак сапраўднага міру і салідарнасці
Леў XIV звярнуў увагу на ўкаранёную ў мясцовай культуры традыцыю гасціннасці. Ён асабліва вылучыў паняцце “sadaka” – міласціну, якая ў сваёй аснове азначае справядлівасць. Паводле слоў Папы, несправядлівым з’яўляецца той, хто назапашвае багацце і застаецца абыякавым да патрэб іншых. “Рэлігія без спачування і грамадскае жыццё без салідарнасці – гэта скандал перад абліччам Бога”, - адзначыў ён.
Пантыфік нагадаў пра выклікі глабалізацыі, спаслаўшыся на думкі сваіх папярэднікаў – Бэнэдыкта XVI і Францішка. Ён падкрэсліў, што Алжыр, дзякуючы свайму драматычнаму гістарычнаму досведу, мае асаблівы погляд на сусветную раўнавагу і можа паспрыяць усталяванню большай справядлівасці паміж народамі.
Папа заклікаў тых, хто валодае ўладай, не баяцца развіцця жывой і свабоднай грамадзянскай супольнасці, дзе асаблівая роля адводзіцца моладзі.
Міжземнамор’е і Сахара: ад могілак да аазісаў сустрэчы і надзеі
Геаграфічнае становішча краіны паміж Міжземным морам і Сахарай Папа назваў духоўным скрыжаваннем велізарнай важнасці. Ён перасцярог ад ператварэння гэтых прастор у “могілкі, дзе памірае надзея”, заклікаўшы выкараняць прычыны адчаю і змагацца з тымі, хто атрымлівае прыбытак ад чалавечых пакут.
Каталіцкі Касцёл у Алжыры, як адзначыў Святы Айцец, імкнецца ўносіць свой уклад у агульнае дабро, служачы сувязным звяном паміж Поўначчу і Поўднем, Усходам і Захадам.
Выйсце Пантыфік бачыць у выхаванні крытычнага мыслення і культуры дыялогу, якія дазваляюць бачыць у іншым чалавеку спадарожніка, а не пагрозу. Папа пажадаў алжырскаму народу дару прымірэння і заклікаў на ўсіх благаслаўленне Усявышняга.
У другой палове дня 13 красавіка 2026 года Леў XIV наведае Вялікую мячэць Алжыра – трэцюю па памеры ў свеце, з самым высокім мінарэтам вышынёй 267 метраў.
