Папа вылецеў у Афрыку: пачатак гістарычнага візіту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Панядзелак 13 красавіка 2026 года стаў пачаткам новай старонкі ў гісторыі папскіх візітаў. Падарожжа Пантыфіка пачалося ў Ватыкане з развітання ў Двары святога Дамазія, пасля чаго ён на аўтамабілі накіраваўся ў міжнародны аэрапорт імя Леанарда да Вінчы. Гэты шлях у 29 кіламетраў пралягаў праз тэрыторыю дыяцэзіі Порта-Санта Руфіна, пастыр якой, біскуп Джанрыка Руца, асабіста праводзіў Святога Айца.
Каля ў 9.00 па рымскім часе лайнер "ITA A330-900neo" падняўся ў паветра, трымаючы курс на паўночнаафрыканскае ўзбярэжжа. Падчас двухгадзіннага палёту Папа традыцыйна ўдзеліць час медыя-супольнасці: павітае журналістаў, якія суправаджаюць яго ў гэтай місіі, і зробіць памятныя здымкі з камандай. Маршрут пралягае над маляўнічымі абшарамі Італіі і Францыі, пакуль борт не перасячэ мяжу алжырскай паветранай прасторы.
Пераадолеўшы адлегласць у 1029 кіламетраў, паветранае судна наблізіцца да сталіцы Алжыра. Гэтае падарожжа не толькі скарачае геаграфічную дыстанцыю, але і мяняе рытм часу: пасля прызямлення Пантыфік і яго дэлегацыя апынуцца ў зоне, дзе гадзіннік паказвае на 1 гадзіну менш, чым у Вечным горадзе. Такі пераход сімвалізуе занурэнне ў іншую рэальнасць, дзе Касцёл жыве ва ўмовах дыскрэтнай, але глыбокай прысутнасці сярод мусульманскай большасці.
Гістарычная важнасць падзеі падкрэсліваецца тым, што Алжыр раней ніколі не прымаў Пантыфіка. Адразу пасля завяршэння палёту Леў XIV прыступіць да выканання насычанай праграмы, якая ўключае сустрэчы з дзяржаўнымі дзеячамі і рэлігійнымі лідарамі. Гэтае падарожжа заклікана ўмацаваць масты даверу і паказаць, што нават малая хрысціянская супольнасць знаходзіцца ў самым сэрцы ўвагі Касцёла.
