Леў XIV перад вылетам у Алжыр Леў XIV перад вылетам у Алжыр  (AFP or licensors)

Папа вылецеў у Афрыку: пачатак гістарычнага візіту

Леў XIV пачаў гістарычнае падарожжа ў Алжыр, вылецеўшы з Рыма, каб скіраваць пасланне міру і суцяшэння мясцовай каталіцкай супольнасці і ўсяму афрыканскаму кантыненту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Панядзелак 13 красавіка 2026 года стаў пачаткам новай старонкі ў гісторыі папскіх візітаў. Падарожжа Пантыфіка пачалося ў Ватыкане з развітання ў Двары святога Дамазія, пасля чаго ён на аўтамабілі накіраваўся ў міжнародны аэрапорт імя Леанарда да Вінчы. Гэты шлях у 29 кіламетраў пралягаў праз тэрыторыю дыяцэзіі Порта-Санта Руфіна, пастыр якой, біскуп Джанрыка Руца, асабіста праводзіў Святога Айца.

На борце папскага лайнера Пантыфік раздзеліць сняданак з экіпажам і журналістамі.

Каля ў 9.00 па рымскім часе лайнер "ITA A330-900neo" падняўся ў паветра, трымаючы курс на паўночнаафрыканскае ўзбярэжжа. Падчас двухгадзіннага палёту Папа традыцыйна ўдзеліць час медыя-супольнасці: павітае журналістаў, якія суправаджаюць яго ў гэтай місіі, і зробіць памятныя здымкі з камандай. Маршрут пралягае над маляўнічымі абшарамі Італіі і Францыі, пакуль борт не перасячэ мяжу алжырскай паветранай прасторы.

Пераадолеўшы адлегласць у 1029 кіламетраў, паветранае судна наблізіцца да сталіцы Алжыра. Гэтае падарожжа не толькі скарачае геаграфічную дыстанцыю, але і мяняе рытм часу: пасля прызямлення Пантыфік і яго дэлегацыя апынуцца ў зоне, дзе гадзіннік паказвае на 1 гадзіну менш, чым у Вечным горадзе. Такі пераход сімвалізуе занурэнне ў іншую рэальнасць, дзе Касцёл жыве ва ўмовах дыскрэтнай, але глыбокай прысутнасці сярод мусульманскай большасці.

Візіт Наступніка святога Пятра стане першым такога роду крокам у гісторыі гэтай краіны.

Гістарычная важнасць падзеі падкрэсліваецца тым, што Алжыр раней ніколі не прымаў Пантыфіка. Адразу пасля завяршэння палёту Леў XIV прыступіць да выканання насычанай праграмы, якая ўключае сустрэчы з дзяржаўнымі дзеячамі і рэлігійнымі лідарамі. Гэтае падарожжа заклікана ўмацаваць масты даверу і паказаць, што нават малая хрысціянская супольнасць знаходзіцца ў самым сэрцы ўвагі Касцёла.

 

13 красавіка 2026, 09:08