Пошук

Леў XIV падчас "Анёл Панскі" Леў XIV падчас "Анёл Панскі"  (ANSA)

Анёл Панскі: выйсці з магілы эгаізму і матэрыялізму

Перад нядзельнай малітвай "Анёл Панскі" Леў XIV заклікаў вернікаў пачуць голас Хрыста, Які вызваляе сэрца з цясніны спажывальніцтва і мітусні, вяртаючы чалавеку годнасць і вечнасць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Разважаючы над Евангеллем пра ўваскрашэнне Лазара ў V Нядзелю Вялікага посту, Пантыфік падкрэсліў, што гэты цуд з’яўляецца правобразам перамогі Хрыста над смерцю. Кожны хрысціянін праз хрост атрымлівае дар вечнага жыцця, які павінен стаць святлом для ўспрымання падзей надыходзячага Вялікага тыдня – ад уваходу ў Ерузалем да пахавання Збаўцы.

Толькі ў Богу чалавечае сэрца знаходзіць сапраўдны спакой

Святы Айцец заўважыў, што сучасны свет знаходзіцца ў пастаяннай пагоні за навізной, ахвяруючы дзеля гэтага часам, энергіяй і сапраўднымі каштоўнасцямі. Леў XIV перасцярог ад ілюзіі, што слава, матэрыяльныя даброты ці мітуслівыя забавы могуць зрабіць чалавека бессмяротным. Ён нагадаў знакамітыя словы святога Аўгустына аб тым, што нашая ўнутраная смага бясконцасці не можа быць здаволена нічым канечным, бо мы створаны для Бога.

Гісторыя Лазара становіцца для нас заклікам вызваліць сэрцы ад прывычак і шматлікіх абумоўленасцяў – тых унутраных пут, якія разам з матэрыялістычным спосабам мыслення, нібы цяжкія камяні, замыкаюць чалавека ў магіле эгаізму, гвалту і павярхоўнасці. У такіх духоўных прасторах, як заўважыў Пантыфік, няма сапраўднага жыцця, а пануюць толькі разгубленасць, незадаволенасць і адзінота.

Голас Хрыста заклікае пакінуць прастору граху

Менавіта таму Езус звяртаецца і да нас з заклікам: "Выйдзі вонкі!", заахвочваючы пакінуць гэтыя вузкія скляпы душы. Паводле Льва XIV, сіла Духа Святога дазваляе нам ісці далей як абноўленым людзям, якія здольныя спадзявацца і любіць па прыкладзе бязмежнай боскай міласэрнасці, без разлікаў і без меры.

На заканчэнне Пантыфік даручыў вернікаў апецы Панны Марыі, просячы аб дапамозе пражыць святыя дні з яе верай і вернасцю, каб кожны дзень аднаўляць досвед святла ад сустрэчы з уваскрослым Сынам Божым.
 

22 сакавіка 2026, 12:30

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >