Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@VATICAN MEDIA)

Пантыфік: малітва змяняе рух гісторыі, эпоха без вайны – магчымая

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы на карысць міру і прымірэння, якая прайшла ва Універсітэце Лаёлы ў Чыкага. “У свеце, усё больш пазначаным ранамі вайны і гвалту, вашы намаганні вельмі патрэбныя”, - напісаў ён.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец падзяліўся з маладымі вернікамі некаторымі прынцыпамі, неабходнымі для пашырэння міру. У першую чаргу ён заўважыў, што свет часта прапануе нам фальшывы мір, які з’яўляецца вынікам гвалту ці падману.

Сапраўдны мір – Божы дар

Але сапраўдны мір – гэта Божы дар, і хрысціяне пакліканы супрацоўнічаць з Хрыстом дзеля яго распаўсюджвання. “Пан ідзе разам з намі, калі мы спрыяем гармоніі і прымірэнню ў нашых сем’ях, грамадствах, краінах і ва ўсім свеце”, - запэўніў Папа.

Супрацоўніцтва дзеля міру

Пантыфік адзначыў таксама важнасць аб’яднання намаганняў для дасягнення глабальнага міру, які выходзіць за рамкі “нацыянальных межаў, рэлігійных традыцый і культурных адрозненняў”. “Гэта патрабуе сістэматычнага міждысцыплінарнага супрацоўніцтва, якое аб’яднае міжнародныя ўстановы, арганізацыі, навукоўцаў і лідараў у розных сферах жыцця”, - напісаў ён.

Развіваць культуру прымірэння і маліцца

Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўдная гармонія мае свае карані ў прымірэнні, якое ахоплівае нас саміх, нашых бліжніх і ўсё стварэнне. “У гэтым духу мы пакліканы развіваць культуру прымірэння, здольную пераадолець глабалізацыю бездапаможнасці, якая спакушае нас верыць, што эпоха, свабодная ад канфліктаў, з’яўляецца недасяжнай”, - напісаў Папа, нагадваючы таксама пра важнасць малітвы: “Калі людзі розных рэлігійных традыцый аб’яднаюцца ў малітве, яна мае сілу змяняць рух гісторыі”.
 

08 сакавіка 2026, 11:37