Пантыфік: малітва змяняе рух гісторыі, эпоха без вайны – магчымая
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец падзяліўся з маладымі вернікамі некаторымі прынцыпамі, неабходнымі для пашырэння міру. У першую чаргу ён заўважыў, што свет часта прапануе нам фальшывы мір, які з’яўляецца вынікам гвалту ці падману.
Сапраўдны мір – Божы дар
Але сапраўдны мір – гэта Божы дар, і хрысціяне пакліканы супрацоўнічаць з Хрыстом дзеля яго распаўсюджвання. “Пан ідзе разам з намі, калі мы спрыяем гармоніі і прымірэнню ў нашых сем’ях, грамадствах, краінах і ва ўсім свеце”, - запэўніў Папа.
Супрацоўніцтва дзеля міру
Пантыфік адзначыў таксама важнасць аб’яднання намаганняў для дасягнення глабальнага міру, які выходзіць за рамкі “нацыянальных межаў, рэлігійных традыцый і культурных адрозненняў”. “Гэта патрабуе сістэматычнага міждысцыплінарнага супрацоўніцтва, якое аб’яднае міжнародныя ўстановы, арганізацыі, навукоўцаў і лідараў у розных сферах жыцця”, - напісаў ён.
Развіваць культуру прымірэння і маліцца
Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўдная гармонія мае свае карані ў прымірэнні, якое ахоплівае нас саміх, нашых бліжніх і ўсё стварэнне. “У гэтым духу мы пакліканы развіваць культуру прымірэння, здольную пераадолець глабалізацыю бездапаможнасці, якая спакушае нас верыць, што эпоха, свабодная ад канфліктаў, з’яўляецца недасяжнай”, - напісаў Папа, нагадваючы таксама пра важнасць малітвы: “Калі людзі розных рэлігійных традыцый аб’яднаюцца ў малітве, яна мае сілу змяняць рух гісторыі”.
