Тэлемедыцына на службе дзецям: падарунак для Святога Айца
Аляксандр Панчанка - Vatican News
4 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю няўрадавай арганізацыі “Patrons of the World’s Children Hospital”. Яна каардынуе дзейнасць Папскага глабальнага альянсу на карысць здароўя і гуманітарнага клопату пра дзяцей – міжнароднай сеткі, якая аб’ядноўвае педыятрычныя шпіталі ва ўсім свеце.
Мэта ініцыятывы – забяспечыць медыцынскую дапамогу дзецям у бедных рэгіёнах або там, дзе доступ да лячэння абмежаваны. Місія была даручана гэтай сетцы ў маі 2024 года Папам Францішкам. У склад аб’яднання ўваходзіць ватыканскі шпіталь “Bambino Gesù”.
Падчас аўдыенцыі прадстаўнікі арганізацыі перадалі ў дар Пантыфіку апарат для тэлемедыцыны “TELADOC LITE”, які ў далейшым будзе выкарыстоўвацца ў адной з педыятрычных медыцынскіх устаноў. Абсталяванне дазваляе праводзіць кансультацыі на адлегласці, робячы віртуальны агляд максімальна падобным да асабістай сустрэчы ўрача і пацыента. Святому Айцу прадэманстравалі магчымасці апарата дзякуючы відэасувязі з медыкам у Аргенціне.
