Тэлемедыцына на службе дзецям: падарунак для Святога Айца

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі амерыканскай няўрадавай арганізацыі, якая каардынуе супрацоўніцтва паміж педыятрычнымі шпіталямі ва ўсім свеце. Падчас аўдыенцыі яму перадалі ў дар сучасны апарат для тэлемедыцыны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю няўрадавай арганізацыі “Patrons of the World’s Children Hospital”. Яна каардынуе дзейнасць Папскага глабальнага альянсу на карысць здароўя і гуманітарнага клопату пра дзяцей – міжнароднай сеткі, якая аб’ядноўвае педыятрычныя шпіталі ва ўсім свеце.

Мэта ініцыятывы – забяспечыць медыцынскую дапамогу дзецям у бедных рэгіёнах або там, дзе доступ да лячэння абмежаваны. Місія была даручана гэтай сетцы ў маі 2024 года Папам Францішкам. У склад аб’яднання ўваходзіць ватыканскі шпіталь “Bambino Gesù”.

Падчас аўдыенцыі прадстаўнікі арганізацыі перадалі ў дар Пантыфіку апарат для тэлемедыцыны “TELADOC LITE”, які ў далейшым будзе выкарыстоўвацца ў адной з педыятрычных медыцынскіх устаноў. Абсталяванне дазваляе праводзіць кансультацыі на адлегласці, робячы віртуальны агляд максімальна падобным да асабістай сустрэчы ўрача і пацыента. Святому Айцу прадэманстравалі магчымасці апарата дзякуючы відэасувязі з медыкам у Аргенціне.
 

05 сакавіка 2026, 09:59