Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з былымі аднакласнікамі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы на агульнай аўдыенцыі, каб паказаць яму нашу блізкасць і зноў абняць нашага былога аднакласніка, які сёння з’яўляецца 266-м наступнікам Пятра”, - падзяліліся радасцю дзесяць выпускнікоў Школы Найсвяцейшай Марыі ў чыкагскім раёне Рывердэйл.
Адзін з удзельнікаў сустрэчы, Джэром Клеменс, з гонарам трымаў школьны групавы фотаздымак, паказаўшы кожнага з дзесяці прысутных на аўдыенцыі. “А вось і наш “сябар” Папа”, - дадаў ён, указаўшы спачатку на фотаздымак чатырнаццацігадовага юнака, а потым – на адваротным баку – на яго рукапісны подпіс “Боб Прэвост”, да якога Пантыфік цяпер дапісаў “Леў XIV”.
Аднакласнікі Святога Айца расказалі, што яшчэ падчас вучобы адчувалі, што ён стане святаром. “Мы ведалі гэта з чацвёртага класа. Боб быў вельмі рэлігійным”, - падзяліўся адзін з сяброў.
Прысутныя на сустрэчы згадалі пра сямейную атмасферу ў школе, у якой вучыўся Папа. “Гэта была не проста школа – гэта была сям’я”, - адзначылі яны, заўважаўшы, што маці Льва XIV, Мілдрэд Агнэс Прэвост, працавала ў тыя гады бібліятэкарам.
Пасля кароткай размовы ўсе яе ўдзельнікі моцна абнялі Папу і зрабілі фота на памяць, падкрэсліўшы, што “хутчэй за ўсё яно будзе ўстаўлена ў рамку і размешчана ў Школе Найсвяцейшай Марыі”.
