Пошук

Папа: слухаць ахвяр злоўжыванняў – гэта акт справядлівасці і праўды Папа: слухаць ахвяр злоўжыванняў – гэта акт справядлівасці і праўды   (@Vatican Media)

Папа: слуханне ахвяр злоўжыванняў – акт справядлівасці і праўды

Шлях кампенсацыі шкоды ахвярам злоўжыванняў не можа зводзіцца да шэрагу фармальных крокаў. Ён патрабуе сапраўднага навяртання, пастырскай адказнасці і ўважлівага слухання тых, хто пацярпеў ад насілля, - падкрэсліў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў кангрэса па абароне непаўналетніх.

Марыя Валодзіна - Vatican News

3–5 сакавіка 2026 года ў Сан-Хасэ (Коста-Рыка) праходзіць V Кангрэс Лацінаамерыканскага цэнтра міждысцыплінарных даследаванняў і падрыхтоўкі ў галіне абароны непаўналетніх (CEPROME). Сустрэча прысвечана тэме: “Кампенсацыя шкоды: паміж верай, якая падтрымлівае, клопатам, які суправаджае, і справядлівасцю, якая аднаўляе”. Форум сабраў спецыялістаў, касцёльных іерархаў, навукоўцаў і практыкаў з Лацінскай Амерыкі, ЗША і Еўропы. Яго мэта – умацаваць культуру клопату, прадухіліць злоўжыванні і забяспечыць поўную абарону непаўналетніх і ўразлівых асоб у Касцёле.

Абавязацельства для ўсяго Касцёла

У сваім пасланні Пантыфік станоўча ацаніў шлях барацьбы з злом, якое “закранае адну з самых глыбокіх і балючых ран Цела Хрыстовага”. Па яго словах, гэты шлях з'яўляецца "сапраўдным знакам абнаўлення" і канкрэтным крокам насустрач ахвярам і самому Касцёлу. "Гаворка ідзе не пра вузкаспецыялізаваную сферу, прызначаная для нямногіх экспертаў, а пра істотнае вымярэнне евангелізацыйнай місіі Касцёла, якое прамаўляе да сумлення кожнага пастыра і кожнай касцёльнай супольнасці”, - напісаў Папа.

Культура клопату як шлях прафілактыкі злоўжыванняў

Леў XIV асабліва падзякаваў Канферэнцыі біскупаў Коста-Рыкі за сведчанне еднасці, суадказнасці і пастырскай блізкасці. Ён падкрэсліў, што кампенсацыя шкоды не можа абмяжоўвацца нормамі і пратаколамі. Яна патрабуе глыбокага навяртання, і прадстаўнікі мясцовых Касцёлаў нясуць за гэта "асаблівую і не падлеглую дэлегаванню адказнасць". Яны павінны не толькі гарантаваць належныя працэдуры, але і асабіста развіваць культуру клопату, здольную прадухіляць злоўжыванні, слухаць ахвяр і сведчыць пра ласку Хрыста, “ператвараючы раны ў пробліскі надзеі". Святы Айцец адзначыў, што вопыт апошніх гадоў паказвае: калі біскупы і іерархі ўключаюць гэта абавязацельства ў сваё служэнне, Касцёл становіцца "больш вартым даверу, больш гуманным і больш евангельскім".

Слухаць, каб дапамагчы загаіць раны

Адзін з цэнтральных пунктаў паслання – неабходнасць слухання. “Слухаць ахвяр – гэта не факультатыўны жэст, а акт справядлівасці і праўды”, - падкрэсліў Папа. Менавіта з уважлівага слухання нараджаецца вартая даверу палітыка, належныя працэсы кампенсацыі шкоды і эфектыўныя механізмы адказнасці. Ён дадаў, што ў Касцёле кампенсацыя шкоды не можа быць аддзелена ні ад міласэрнасці, ні ад выканання закона, але і не можа абмяжоўвацца толькі імі. “Патрэбна выразнае эклезіяльнае бачанне, заснаванае на праўдзе, прыняцці адказнасці і суправаджэнні ў часе”, - адзначыў Пантыфік, прызнаўшы, што гэта складаны шлях, які патрабуе мужных і цвёрдых рашэнняў.

CEPROME – прастора канвергенцыі

У гэтым кантэксце Лацінаамерыканскі цэнтр міждысцыплінарных даследаванняў і падрыхтоўкі па абароне непаўналетніх (CEPROME) пакліканы быць не толькі навучальным цэнтрам, але і рэальнай прасторай касцёльнай канвергенцыі, здольнай суправаджаць мясцовыя Касцёлы ў пастаянным працэсе сталення. Папа падкрэсліў важнасць яго супрацоўніцтва з Радай Біскупскіх канферэнцый Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) і Лацінаамерыканскай канфедэрацыі законнікаў і законніц (CLAR), каб спалучаць пастырскую адказнасць біскупаў, харызматычнае багацце кансэкраванага жыцця і міждысцыплінарны досвед навукоўцаў.

04 сакавіка 2026, 10:51