Леў XIV сустрэўся з пацярпелым ад злоўжыванняў у Ірландыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі Дэвіда Раяна – ірландца, які ў непаўналетнім узросце перажыў сексуальны гвалт у каталіцкай сярэдняй школе. У лістападзе 2022 года ён публічна распавёў пра гэта ў дакументальнай праграме на канале "RTÉ Radio 1".
Пантыфік вельмі ўважліва выслухаў аповед Раяна, пра тое як ён і яго памерлы брат Марк падвергліся злоўжыванням у каледжы Блэкрок і падрыхтоўчай школе Уілаў Парк (Willow Park) у графстве Дублін, якія яны наведвалі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў.
"Ён сказаў, што мая сённяшняя размова з ім, магчыма, дапаможа іншым людзям выйсці і расказаць пра перажытае. Гэта тое, чаго я хачу, каб іншыя людзі адважыліся загаварыць", - заўважыў Раян пасля аўдыенцыі.
Па словах мужчыны, ён выразна адчуў спачуванне Папы да пацярпелых і іх сем’яў. “Ён быў вельмі засмучаны маім болем, болем маёй сям’і і болем тых, хто гэта перажыў, але яшчэ не распавёў пра гэта”, - сказаў Раян. Ён падкрэсліў, што спачуванне Пантыфіка было шчырым. "Я ведаю, гэта было шчыра... Я вельмі рады, што зрабіў гэта”, - дадаў ён.
Дэвід Раян адзначыў, што яму спатрэбіліся 40 гадоў, каб усвядоміць, што віна за злоўжыванні ляжыць не на ім, а на тых, хто іх учыніў.
Падчас аўдыенцыі Раян падарыў Папу маленькую выяву святой Брыгіты Кілдарскай, паколькі 1 лютага 2026 года ў Касцёле адзначаўся яе ўспамін. Ён таксама паказаў Пантыфіку фатаграфію свайго брата Марка, які таксама падвергся злоўжыванням у каледжы Блэкрок. Ён памёр у 2023 годзе ва ўзросце 62 гадоў.
“Гэта быў неверагодны досвед. Я ніколі гэтага не забуду, ніколі. Яго шчырасць, яго суперажыванне. Ён адчуў мой боль, нават калі сам не перажыў яго, ён зразумеў, праз які боль давялося прайсці мне і маёй сям'і”, - сказаў Раян, каментуючы сустрэчу з Львом XIV.
