Пошук

Леў XIV падчас пастырскага візіту ў рымскую парафію Унебаўшэсця Пана Леў XIV падчас пастырскага візіту ў рымскую парафію Унебаўшэсця Пана  (ANSA)

Леў XIV на рымскай ускраіне: выбірайце дабро і маліцеся за мір

Леў XIV наведаў рымскую парафію Унебаўшэсця Пана. Ён сустрэўся з дзецьмі, хворымі і парафіяльнай радай, заклікаўшы вернікаў быць "святлом свету" сярод цяжкасцей раёна.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Падчас цёплай і шчырай сустрэчы з жыхарамі рымскай ускраіны Папа падзяліўся сваімі думкамі аб прыродзе зла, важнасці супольнасці і неабходнасці малітвы за мір ва ўсім свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

Леў XIV падчас сустрэчы з хворымі
Леў XIV падчас сустрэчы з хворымі   (ANSA)

Святы Айцец распачаў свой візіт з размовы з дзецьмі і моладдзю на спартыўнай пляцоўцы. Адказваючы на складаныя пытанні аб існаванні зла, Пантыфік падкрэсліў, што чалавек валодае вялікім дарам свабоды – магчымасцю выбіраць паміж жыццём і смерцю. "Вы павінны заўсёды выбіраць дабро, бо менавіта так мы можам паступова змяніць наш свет", - адзначыў ён, звяртаючыся да маленькіх парафіян.

Папа заклікаў маладых людзей быць прапаведнікамі міру ў свеце, які пакутуе ад насілля.

Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў трагедыям сучаснасці, узгадаўшы дзяцей у Газе, якія засталіся без дамоў і бацькоў. Ён заклікаў вырашаць канфлікты не праз насілле, а праз дыялог і ўзаемную павагу. Пантыфік таксама звярнуўся да моладзі з заклікам супрацьстаяць пагрозе наркотыкаў, якая прысутнічае ў раёне Квартычола, дзе месціцца парафія, кажучы рашучае "не" таму, што шкодзіць здароўю, і "так" – хрысціянскім каштоўнасцям.

Леў XIV у рымскай парафіі Унебаўшэсця Пана
Леў XIV у рымскай парафіі Унебаўшэсця Пана   (ANSA)

Сустрэча з пажылымі людзьмі і хворымі прайшла пад дэвізам "Будуем супольнасць". Папа падкрэсліў, нямогласць і хваробы становяцца лягчэйшымі, калі людзі падтрымліваюць адно аднаго. Ён заўважыў, што голас вернікаў павінен "абуджаць" улады – паліцыю і дзяржаву – каб тыя больш актыўна дапамагалі вырашаць лакальныя праблемы раёна.

Малітва і еднасць супольнасці здольныя даць сілу нават у самыя цяжкія часы выпрабаванняў.

Падчас размовы з парафіяльнай радай Святы Айцец перасцярог ад "індывідуалістычнай духоўнасці", дзе існуюць толькі "Бог і я". Паводле яго слоў, Хрыстус стварыў Касцёл як супольнасць сяброў. Ён падзякаваў вернікам за тое, што ў іх парафіі ніхто не адчувае сябе адзінокім, а вера застаецца жывой і "моцнай", нягледзячы на ўсе сацыяльныя выклікі.

Святы Айцец падчас сустрэчы з папафіяльнай радай
Святы Айцец падчас сустрэчы з папафіяльнай радай   (@Vatican Media)

На развітанне Леў XIV пажадаў парафіянам заўсёды несці ў сабе святло Хрыста, якое дапамагае быць сведкамі веры нават у цемры ночы. "Працягвайце з гэтай мужнасцю быць соллю зямлі", - завяршыў свой візіт Пантыфік.
 

02 сакавіка 2026, 09:08