Леў XIV на рымскай ускраіне: выбірайце дабро і маліцеся за мір
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Падчас цёплай і шчырай сустрэчы з жыхарамі рымскай ускраіны Папа падзяліўся сваімі думкамі аб прыродзе зла, важнасці супольнасці і неабходнасці малітвы за мір ва ўсім свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне.
Святы Айцец распачаў свой візіт з размовы з дзецьмі і моладдзю на спартыўнай пляцоўцы. Адказваючы на складаныя пытанні аб існаванні зла, Пантыфік падкрэсліў, што чалавек валодае вялікім дарам свабоды – магчымасцю выбіраць паміж жыццём і смерцю. "Вы павінны заўсёды выбіраць дабро, бо менавіта так мы можам паступова змяніць наш свет", - адзначыў ён, звяртаючыся да маленькіх парафіян.
Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў трагедыям сучаснасці, узгадаўшы дзяцей у Газе, якія засталіся без дамоў і бацькоў. Ён заклікаў вырашаць канфлікты не праз насілле, а праз дыялог і ўзаемную павагу. Пантыфік таксама звярнуўся да моладзі з заклікам супрацьстаяць пагрозе наркотыкаў, якая прысутнічае ў раёне Квартычола, дзе месціцца парафія, кажучы рашучае "не" таму, што шкодзіць здароўю, і "так" – хрысціянскім каштоўнасцям.
Сустрэча з пажылымі людзьмі і хворымі прайшла пад дэвізам "Будуем супольнасць". Папа падкрэсліў, нямогласць і хваробы становяцца лягчэйшымі, калі людзі падтрымліваюць адно аднаго. Ён заўважыў, што голас вернікаў павінен "абуджаць" улады – паліцыю і дзяржаву – каб тыя больш актыўна дапамагалі вырашаць лакальныя праблемы раёна.
Падчас размовы з парафіяльнай радай Святы Айцец перасцярог ад "індывідуалістычнай духоўнасці", дзе існуюць толькі "Бог і я". Паводле яго слоў, Хрыстус стварыў Касцёл як супольнасць сяброў. Ён падзякаваў вернікам за тое, што ў іх парафіі ніхто не адчувае сябе адзінокім, а вера застаецца жывой і "моцнай", нягледзячы на ўсе сацыяльныя выклікі.
На развітанне Леў XIV пажадаў парафіянам заўсёды несці ў сабе святло Хрыста, якое дапамагае быць сведкамі веры нават у цемры ночы. "Працягвайце з гэтай мужнасцю быць соллю зямлі", - завяршыў свой візіт Пантыфік.
