Папа: у эпоху штучнага інтэлекту неабходна адказная журналістыка
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Corriere della sera”, заснаваная ў Мілане ў 1876 годзе, сёння лічыцца адным з найбольш аўтарытэтных і чытаных італьянскіх выданняў. “Вось ужо 150 гадоў ваша гісторыя пераплятаецца з гісторыяй Італіі, сведчачы пра ролю прэсы як сродку распаўсюджвання не толькі навін, але і ідэй і культуры, якія з’яўляюцца жывой асновай грамадства, стварэнню якога паспрыяла ваша газета”, - напісаў Папа.
Спадарожнік на шляху гісторыі
Пантыфік заўважыў, што на працягу дзесяцігоддзяў выданне асвятляла найважнейшыя падзеі сучаснай гісторыі Італіі і свету: дзве сусветныя вайны, узыходжанне і падзенне фашызму, пераход ад манархіі да рэспублікі, унутраны і міжнародны тэрарызм, падзенне Берлінскай сцяны і актуальны складаны кантэкст.
Адпавядаць патрабаванням часу
Леў XIV адзначыў, што сучасная тэхналагічная рэвалюцыя ставіць перад журналістыкай новыя выклікі. “У эпоху штучнага інтэлекту існуе незаменная задача, якая датычыцца камунікацыі, і асабліва буйных газет, якім дапамагае ў гэтым багаж іх гісторыі: ніколі не адмаўляцца ад свайго аўтарытэту, гарантаваць празрыстасць крыніц, паважаць ролю журналістаў і годнасць чытачоў, культываваць чалавечае вымярэнне апавядання, што можа даць толькі досвед”, - напісаў Папа.
Глядзець у будучыню, памятаючы пра карані
“Шчыра віншую з гэтым юбілеем, які сведчыць пра глыбокія сувязі, што звязваюць вас з Італіяй, і які заахвочвае шанаваць вашы карані і глядзець наперад”, - завяршыў пасланне Святы Айцец.
