Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Папа: у эпоху штучнага інтэлекту неабходна адказная журналістыка

Леў XIV павіншаваў рэдакцыю “Corriere della sera” з 150-годдзем выдання і нагадаў пра важнасць адказнай журналістыкі ў эпоху штучнага інтэлекту. Пра гэта гаворыцца ў лісце на імя Лучана Фантана, галоўнага рэдактара італьянскай газеты.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Corriere della sera”, заснаваная ў Мілане ў 1876 годзе, сёння лічыцца адным з найбольш аўтарытэтных і чытаных італьянскіх выданняў. “Вось ужо 150 гадоў ваша гісторыя пераплятаецца з гісторыяй Італіі, сведчачы пра ролю прэсы як сродку распаўсюджвання не толькі навін, але і ідэй і культуры, якія з’яўляюцца жывой асновай грамадства, стварэнню якога паспрыяла ваша газета”, - напісаў Папа.

Спадарожнік на шляху гісторыі

Пантыфік заўважыў, што на працягу дзесяцігоддзяў выданне асвятляла найважнейшыя падзеі сучаснай гісторыі Італіі і свету: дзве сусветныя вайны, узыходжанне і падзенне фашызму, пераход ад манархіі да рэспублікі, унутраны і міжнародны тэрарызм, падзенне Берлінскай сцяны і актуальны складаны кантэкст.

Адпавядаць патрабаванням часу

Леў XIV адзначыў, што сучасная тэхналагічная рэвалюцыя ставіць перад журналістыкай новыя выклікі. “У эпоху штучнага інтэлекту існуе незаменная задача, якая датычыцца камунікацыі, і асабліва буйных газет, якім дапамагае ў гэтым багаж іх гісторыі: ніколі не адмаўляцца ад свайго аўтарытэту, гарантаваць празрыстасць крыніц, паважаць ролю журналістаў і годнасць чытачоў, культываваць чалавечае вымярэнне апавядання, што можа даць толькі досвед”, - напісаў Папа.

Глядзець у будучыню, памятаючы пра карані

“Шчыра віншую з гэтым юбілеем, які сведчыць пра глыбокія сувязі, што звязваюць вас з Італіяй, і які заахвочвае шанаваць вашы карані і глядзець наперад”, - завяршыў пасланне Святы Айцец.
 

06 сакавіка 2026, 09:27