Пошук

Папа: вера вучыць нас глядзець на свет вачыма Езуса

Вера не азначае сляпога адмаўлення ад розуму, наадварот, яна заклікае нас “адкрыць вочы” і паглядзець на свет позіркам Езуса, - сказаў Леў XIV перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 15 сакавіка 2026 года прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак чацвёртай нядзелі Вялікага посту, які апавядае пра аздараўленне сляпога ад нараджэння (Ян 9:1-41). З дапамогай сімволікі гэтага эпізоду апостал Ян тлумачыць таямніцу Збаўлення: чалавецтва было ў цемры, але Бог паслаў Свайго Сына, як святло, каб адкрыць вочы сляпым і асвятліць наша жыццё.

Прарокі ўжо прадказвалі, што Месія адкрые вочы сляпым. Сам жа Езус, апісваючы сваю Місію, кажа: “сляпыя зноў бачаць” (Мц 11:4) і “Я — святло свету” (Ян 8,12). На самай справе, усе мы "сляпыя ад нараджэння", бо самі не ў стане ўбачыць усю глыбіню таямніцы жыцця. Таму Бог уцелавіўся ў Езусе, каб бруд нашай чалавечай прыроды, змяшаны з дыханнем Яго ласкі, мог атрымаць новае святло, якое дазваляе нам нарэшце праўдзіва ўбачыць сябе, іншых і Бога, - сказаў Святы Айцец.

Цікава, што цягам стагоддзяў распаўсюдзілася думка, што вера – гэта нібы “скок у цемру”, адмаўленне ад розуму. Але Евангелле кажа іншае: кантакт з Хрыстом адкрывае вочы настолькі, што фарысеі настойліва пытаюць у вылечанага сляпога: “Як жа адкрыліся твае вочы?” (Ян 9,10), “Як адкрыў табе вочы?” (Ян 9,26), - адзначыў Леў XIV.

Папа нагадаў, што таксама і мы, вылечаныя любоўю Хрыста, пакліканы жыць “з адкрытымі вачыма”. Вера – гэта не сляпы ўчынак ці адмаўленне ад розуму, не прыстасаванне да нейкай рэлігійнай упэўненасці, якая аддаляе ад свету. Наадварот, вера дапамагае гледзячы вачыма Езуса, Яго поглядам, і таму заклікае нас “адкрыць вочы”, як гэта рабіў Ён, асабліва на пакуты людзей і раны свету.

Сёння, калі ў свеце шмат несправядлівасці, гвалту і пакут, патрэбная “энергічная, уважлівая і прароцкая вера”, якая адкрывае вочы на цемру свету і нясе святло Евангелля праз дзейнасць на карысць міру, справядлівасці і салідарнасці, - сказаў Леў XIV, просячы Панну Марыю, каб святло Хрыста адкрыла вочы нашых сэрцаў і дазволіла сведчыць пра Яго з прастатой і мужнасцю.

15 сакавіка 2026, 12:06

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >