Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пілігрым надзеі і міру: праграма падарожжа Папы ў Афрыку

16 сакавіка 2026 года ў Ватыкане была абнародавана праграма падарожжа Папы Льва XIV у чатыры афрыканскія краіны: Алжыр, Камерун, Анголу і Экваратырыяльную Гвінею.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падарожжа Святога Айца на афрыканскі кантынент адбудзецца з 13 па 23 красавіка 2026 года. Першым пунктам пілігрымкі стане Алжыр. Візіт у гэту краіну пройдзе пад дэвізам “Супакой вам”.

Шляхам святога Аўгустына

Пантыфік будзе знаходзіцца ў Алжыры з 13 па 15 красавіка. Пасля прылёту ў сталічны аэрапорт, згодна з пратаколам афіцыйнага візіту, ён ушануе памяць загінулых за незалежнасць краіны каля Памятніка славы і мучаніцтва. Папа сустрэнецца з прэзідэнтам і звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. У другой палове дня ён наведае Мячэць Алжыра. Пасля гэтага Леў XIV здзейсніць прыватны візіт у Цэнтр гасціннасці і сяброўства, у якім служаць місіянеркі-аўгустынкі, і сустрэнецца з алжырскай супольнасцю ў базіліцы Маці Божай Афрыканскай.

14 красавіка, Папа здзейсніць пералёт у горад Анаба – старажытны Гіпон, дзе наведае археалагічны комплекс, каталіцкі дом састарэлых і правядзе прыватную сустрэчу з аўгустынцамі. Кульмінацыяй візіту стане святая Імша ў базіліцы святога Аўгустына, пасля якой ён вернецца ў сталіцу – Алжыр.

Візіт пад знакам адзінства

15 красавіка, пасля развітальнай цырымоніі ў алжырскім аэрапорце, Пантыфік адправіцца самалётам у Камерун. Візіт у гэту краіну пройдзе пад дэвізам “In Illo uno unum” (“У Ім адзіным мы адзіныя”), які з’яўляецца яго біскупскім дэвізам. У Яўндэ Папа сустрэнецца з прэзідэнтам, звернецца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, наведае прытулак для сірот і правядзе сустрэчу з камерунскімі біскупамі.

На наступны дзень, 16 красавіка, Святы Айцец наведае Баменду. У катэдральным касцёле гэтага горада ён прыме ўдзел у сустрэчы ў абарону міру разам з мясцовай супольнасцю, пасля якой узначаліць цэлебрацыю святой Імшы на тэрыторыі мясцовага аэрапорта. Пасля літургіі Леў XIV вернецца ў Яўндэ.

17 красавіка Святы Айцец адправіцца ў горад Дуала. Там ён правядзе святую Імшу на мясцовым стадыёне і здзейсніць прыватны візіт у каталіцкі шпіталь. Вярнуўшыся ў сталіцу, Папа сустрэнецца з універсітэцкімі выкладчыкамі ў Каталіцкім універсітэце Цэнтральнай Афрыкі.

“Пілігрым надзеі, прымірэння і міру”

18 красавіка раніцай Леў XIV ўзначаліць святую Імшу на тэрыторыі аэрапорта ў Яўндэ і пасля цырымоніі развітання адправіцца ў наступны пункт свайго падарожжа – Анголу. Візіт у гэту краіну пройдзе пад дэвізам “Пілігрым надзеі, прымірэння і міру”.

Па прылёце ў аэрапорт Луанды Святы Айцец адправіцца на сустрэчу з прэзідэнтам і прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Дзень завершыцца яго прыватнай сустрэчай з ангольскімі біскупамі.

Раніцай 19 красавіка Папа узначаліць святую Імшу, пасля чаго адправіцца верталётам у горад Мушыма, дзе правядзе ружанцовую малітву на плошчы перад мясцовым марыйным санктуарыем. Увечары ён вернецца ў сталіцу.

20 красавіка Леў XIV здзейсніць візіт у горад Саўрыма. Ён наведае дом састарэлых, узначаліць цэлебрацыю святой Імшы і вернецца ў Луанду. У сталічнай парафіі Маці Божай Фацімскай Папа сустрэнецца з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі душпастырскімі работнікамі.

Хрыстус, святло Экватарыяльнай Гвінеі

21 красавіка, пасля развітальнай цырымоніі, Святы Айцец адправіцца з Анголы ў Экватарыяльную Гвінею. Пілігрымка пройдзе пад дэвізам: “Хрыстус, святло Экватарыяльнай Гвінеі, у кірунку будучыні надзеі”.

У сталіцы, горадзе Малаба, Пантыфік здзейсніць ветлівы візіт да прэзідэнта, звернецца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, сустрэнецца з дзеячамі культуры, наведае мясцовы псіхіятрычны шпіталь і правядзе прыватную сустрэчу з біскупамі.

22 красавіка Леў XIV адправіцца спачатку ў горад Мангома, дзе правядзе святую Імшу ў базіліцы Беззаганнага Зачацця і наведае школу імя Папы Францішка, а потым – у горад Бата, дзе здзейсніць прыватны візіт у мясцовую турму, памоліцца каля помніка ахвярам выбуху на ваеннай базе ў 2021 годзе, сустрэнецца з моладдзю і сем’ямі. Увечары Папа вернецца ў Малабу.

У апошні дзень падарожжа, 23 красавіка, Пантыфік узначаліць святую Імшу на стадыёне ў Малабе, а пасля цырымоніі развітання ў сталічным аэрапорце вылеціць у кірунку Рыма.
 

 

16 сакавіка 2026, 13:09