Пошук

2026.02.25 Monaco voyage apostolique

Гістарычная субота: Манака рыхтуецца сустрэць Льва XIV

Княства Манака завяршае падрыхтоўку да гістарычнай сустрэчы з Папам Львом XIV, якая адбудзецца ў гэтую суботу, 28 сакавіка 2026 года, і стане першым візітам Пантыфіка за 488 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На вуліцах другой самай малой дзяржавы свету ўжо з’явіліся плакаты з выявай усмешлівага Пантыфіка і дэвізам “Я – дарога, і праўда, і жыццё”.

Візіт, прымеркаваны да пачатку Вялікага тыдня, выклікаў небывалы ўздым сярод 38 тысяч жыхароў Княства. Для краіны, дзе каталіцтва замацавана ў Канстытуцыі як дзяржаўная рэлігія, прыезд Пантыфіка – гэта не проста дыпламатычны жэст, а вялікая духоўная падзея, якой не было з часоў сярэднявечча.

Стадыён як месца малітвы

Галоўнай пляцоўкай суботніх урачыстасцей стане стадыён футбольнага клуба "AS Monaco". Будаўнікі завяршаюць мантаж алтара, ля якога збяруцца 15 тысяч вернікаў. Гэта амаль палова ўсяго насельніцтва краіны, што робіць набажэнства самай масавай малітвай у гісторыі сучаснага Манака. Мясцовыя ўлады і Касцёл працуюць у шчыльнай звязцы, каб гарантаваць бяспеку і годнае правядзенне літургіі.

Асаблівая ўвага надаецца сустрэчы ў касцёле святой Дэвоты. Для манегаскаў гэтае месца мае сакральнае значэнне, бо менавіта сюды, паводле падання, прыбіла човен з целам іх нябеснай заступніцы.

Манака хоча паказаць свету, што за фасадам раскошных казіно і суперкараў жыве глыбокая хрысціянская традыцыя, якую сям’я Грымальдзі беражэ ўжо больш за 700 гадоў пад дэвізам "З Божай дапамогай".

Духоўнае натхненне перад Вялікім тыднем

Арцыбіскуп Дамінік-Мары Давід падкрэслівае, што візіт Льва XIV прыносіць надзею і суцяшэнне не толькі тым, хто жыве ў дастатку, але і тым, хто пакутуе ад адзіноты ў "залатой клетцы". Гэта духоўная падзарадка перад велікоднымі святамі, якая павінна нагадаць кожнаму пра важнасць салідарнасці і клопату адно пра аднаго.

Адразу пасля суботняга візіту Папа Леў XIV узначаліць літургію Пальмовай нядзелі ў Ватыкане. Гэты кароткі прыезд у Манака стане магутным акордам перад яго вялікімі падарожжамі ў Афрыку і Іспанію, запланаванымі на красавік і чэрвень 2026 года.

Для Княства гэты дзень стане адной з самых значных старонак у сучаснай гісторыі адносін з Апостальскай Сталіцай.
 

23 сакавіка 2026, 11:11