Візіт Льва XIV у Манака: праграма, дэвіз і лагатып
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Візіт адбудзецца 28 сакавіка 2026 года. Святы Айцец адправіцца ў падарожжа на верталёце з Ватыкана. Каля 9.00 ён прызямліцца на тэрыторыі мясцовага геліапорта, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання.
Затым Папа здзейсніць візіт ветлівасці да князя Альбера ІІ, сустрэнецца з мясцовай каталіцкай супольнасцю ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця, а таксама з моладдзю і катэхуменамі перад касцёлам святой Дэвоты. Кульмінацыяй візіту стане святая Імша на стадыёне Луі ІІ. Пасля цэлебрацыі і цырымоніі развітання Пантыфік вернецца на верталёце ў Ватыкан.
Дэвіз і лагатып падарожжа
Дэвізам пілігрымкі стануць словы Езуса з Евангелля паводле святога Яна: “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (14,6). У цэнтры лагатыпа падарожжа змешчана чорна-белая выява Льва XIV, які ўсміхаецца і благаслаўляе. Папа апрануты ў літургічнае адзенне з пастаралам у руцэ, што падкрэслівае духоўны і пастырскі характар візіту. Справа ад выявы Пантыфіка размешчана стылізаваная выява княжацкага палаца ў Манака. Яе жоўты колер разам з агульным белым фонам лагатыпа ўтвараюць вобраз ватыканскага флага.
