Леў XIV сустрэнецца з новым архіепіскапам Кентэрберыйскім
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Афіцыйнае паведамленне пра візіт Сары Малалі да Льва XIV было абнародавана праз два дні пасля яе інтранізацыі на архіепіскапскую кафедру. 26 сакавіка 2026 года ў Кентэрберыйскім саборы адбылася супольная малітва новага архіепіскапа з прадстаўніком Святога Айца, кардыналам Куртам Кохам, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Сустрэча супала з 60-годдзем першай экуменічнай дэкларацыі паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой, якую 24 сакавіка 1966 года падпісалі ў Рыме Папа Павел VI і тагачасны архіепіскап Кентэрберыйскі Майкл Рэмзі. Падчас яе кардынал Кох уручыў Сары Малалі віншавальны ліст ад Пантыфіка.
Духоўны лідар англікан выказала падзяку Льву XIV за цёплыя словы і малітву. “Як архіепіскап Кентэрберыйскі, я таксама паклікана служыць адзінству ў Англіканскай Супольнасці і імкнуцца да поўнага і бачнага адзінства, да якога Пан паклікаў нас усіх. Я з нецярпеннем чакаю магчымасці сустрэцца з Яго Святасцю ў бліжэйшы час і працягнуць умацоўваць сяброўскія сувязі і нашы супольныя намаганні”, - заявіла Сара Малалі.
