Пошук

Пантыфік павіншаваў Сару Малалі з інтранізацыяй у Кентэрберы

У Вялікабрытаніі адбылася ўрачыстая цырымонія інтранізацыі новага архіепіскапа Кентэрберыйскага Сары Малалі. Леў XIV накіраваў прымасу Англіканскай Супольнасці віншавальнае пасланне, падкрэсліўшы важнае значэнне англіканска-каталіцкага экуменічнага дыялогу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасланне Святога Айца было ўручана раніцай 26 сакавіка 2026 года ў Кентэрберыйскім саборы пасля супольнай малітвы, якую ўзначалілі новы архіепіскап Сара Малалі і прадстаўнік Папы кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У склад дэлегацыі Святога Пасада ўвайшлі арцыбіскуп Флавіа Пачэ, сакратар Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству, супрацоўнік дыкастэрыі Марцін Браўн, кардыналы Вінсэнт Нікалс і Цімаці Рэдкліф, арцыбіскуп Бірмінгемскі Бернард Лонглі, сустаршыня Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі па дыялогу (ARCIC), арцыбіскуп Вестмінстэрскі Рычард Мот і іншыя прадстаўнікі брытанскага Касцёла і Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Вялікабрытаніі, а таксама супрацоўнік Апостальскай нунцыятуры ў Лондане Антэ Відавіч.

Цырымонія супала з 60-й гадавінай сустрэчы Папы Паўла VI з тагачасным архіепіскапам Кентэрберыйскім Майклам Рэмзі, якая адбылася ў Рыме 24 сакавіка 1966 года і стала важнай вяхой у развіцці каталіцка-англіканскага дыялогу.

Падчас літургіі быў выкарыстаны той самы малітоўны кленчнік, што і падчас сустрэчы Яна Паўла II з архіепіскапам Робертам Рансі ў 1982 годзе.

У сваім пасланні Леў XIV падкрэсліў важнасць працягу экуменічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой, адзначыўшы, што экуменічны шлях не заўсёды быў простым, аднак новыя рознагалоссі не павінны перашкаджаць хрысціянам прызнаваць адзін аднаго братамі і сёстрамі ў Хрысце.

Пантыфік адзначыў, што імкненне да адзінства не з’яўляецца самамэтай, але служыць абвяшчэнню Хрыста свету. "Было б скандалам, калі б з-за нашых рознагалоссяў мы не выканалі наша агульнае пакліканне – сведчыць пра Хрыста", - працытаваў свайго папярэдніка Леў XIV. З братэрскімі пачуццямі ён заклікаў на новага архіепіскапа Божае благаслаўленне, пажадаўшы ёй плённага служэння пад кіраўніцтвам Святога Духа.

26 сакавіка 2026, 10:58