Леў XIV: зямля, неба і мора створаны для жыцця, а не для вайны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“На пачатку Вялікага тыдня мы як ніколі блізкія ў малітве з хрысціянамі Блізкага Усходу, якія пакутуюць ад наступстваў жорсткага канфлікту і вельмі часта не могуць напоўніцу перажываць абрады гэтых святых дзён. Менавіта ў той час, калі Касцёл сузірае таямніцу Мукі Пана, мы не можам забываць пра ўсіх, хто сёння рэальным чынам удзельнічае ў Яго пакутах. Іх выпрабаванні грукаюць у сумленне ўсіх. Давайце ўзнясём малітву да Валадара супакою, каб падтрымаў народы, параненыя вайной, і адкрыў канкрэтныя шляхі прымірэння і міру”, - сказаў Папа, звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
“Жадаю таксама даверыць Пану маракоў, якія сталі ахвярамі вайны: малюся за памерлых, за параненых і за іх сем’і. Зямля, неба і мора створаны для жыцця і для міру!”, - сцвердзіў Пантыфік.
На заканчэнне Святы Айцец заклікаў таксама маліцца “за ўсіх мігрантаў, якія загінулі ў моры, асабліва за тых, хто страціў жыццё ў апошнія дні ля берагоў вострава Крыт”.