Пошук

Леў XIV: гасціннасць пачынаецца з прысутнасці і апекі

Распаўсюджваць дабро і братэрства ў хрысціянскай супольнасці і грамадстве заклікаў Пантыфік удзельнікаў IV Форума “Кафедра гасціннасці”, які прайшоў у Сакрафана непадалёк ад Рыма.

Марыя Валодзіна – Vatican News

12 сакавіка 2026 года Папа сустрэўся з імі ў Ватыкане і падзяліўся сваімі разважаннямі на тэму гасціннасці як здольнасці прымаць, вітаць, слухаць і дапамагаць іншым. Па яго словах, сапраўдная гасціннасць заўсёды пачынаецца з сустрэчы: сустрэчы з тымі, хто нас любіць, з сям’ёй, з калегамі, з чужымі людзьмі, часам варожымі. Калі сустрэча сапраўдная, з асабістага досведу яна можа ператварыцца ў нешта большае і паступова далучыць іншых, ствараючы супольнасць.

Што тычыцца маладых людзей, то сустрэча з імі пачынаецца з уважлівага слухання, бачання і прызнання таго, што ў іх жыцці працягвае дзейнічаць Дух Божы, паказваючы новыя шляхі прысутнасці і апекі. На гэтых двух паняццях – прысутнасці і апекі – Папа спыніўся больш падрабязна.

Па яго словах, кожны чалавек з самага першага моманту жыцця ператвараецца ў сацыяльную рэальнасць: расце ў грамадстве, дзе сям’я, парафія, школа, універсітэт, праца і іншыя асяродкі вызначаюцца менавіта прысутнасцю. Прысутнічаць у жыцці іншых азначае дзяліцца часам, вопытам, прапаноўваючы стабільныя арыенціры, каб развівацца і расці. Прыклад Святой Сям’і вучыць, што прысутнасць блізкіх – гэта вялікая каштоўнасць, якую трэба пастаянна шукаць, берагчы і падтрымліваць. Кожны з нас перажыў цяжкую страту: у той момант мы зразумелі, наколькі гэта прысутнасць была каштоўнай, - нагадаў Святы Айцец.

Так бывае і з верай: мы ўспрымаем прысутнасць Езуса як належнае, пакуль раптам не губляем Яго. Тады мы разумеем, што самі аддаліліся і павінны з упэўненасцю і мужнасцю зноў шукаць Яго, гледзячы на свет новымі вачыма, поўнымі надзеі. Менавіта гэта зрабіў святы Юзаф, ахоўваючы Сям'ю, даручаную яму Богам. Прысутнасць і апека заўсёды ідуць разам. Апекаваць – значыць быць побач з блізкім, паважаць яго выбар і клапаціцца аб ім. Прысутнасць і апека – два светачы, якія дапамагаюць будаваць братэрскія адносіны і сапраўдную гасціннасць, неабходную для будучыні новых пакаленняў, - сказаў Леў XIV.

Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў гасцям за іх служэнне і заклікаў быць “настаўнікамі гасціннасці”, распаўсюджваць дабро і братэрства ў хрысціянскай супольнасці і грамадстве.

12 сакавіка 2026, 12:39