Пошук

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін  (ANSA)

Паралін: інвеставаць у моладзь, каб зберагчы яе ад экстрэмізму

Неабходна даць моладзі рэальныя перспектывы, каб зберагчы яе ад рызыкі вайны, экстрэмізму, праблем міграцыі і нізкай нараджальнасці, заявіў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін на форуме “Кафедра гасціннасці” у Сакрафана.

Vatican News

Культурна-адукацыйны форум прайшоў 10 лютага 2026 года ў духоўным цэнтры "Fraterna Domus" у Сакрафана непадалёк ад Рыма і быў прысвечаны тэме “Моладзь і Касцёл: гасціннасць, якая нараджае пачуццё прыналежнасці”. Мерапрыемства арганізавалі грамадскія рухі і арганізацыі трэцяга сектара сумесна з Папскім Латэранскім універсітэтам.

Міграцыя і нізкая нараджальнасць

Кардынал Паралін назваў “нявырашанымі выклікамі” праблему міграцыі і інтэграцыі мігрантаў. Нягледзячы на намаганні розных краін, неабходныя новыя падыходы і глыбейшыя разважанні, каб знайсці здавальняючае рашэнне гэтай праблемы, лічыць ён.

Яшчэ адной трывожнай тэндэнцыяй Дзяржсакратар назваў нізкую нараджальнасць у заходніх краінах. Паводле яго, вайна спараджае страх перад будучыняй і прымушаюць маладыя пары адмаўляцца ад нараджэння дзяцей. Таксама на жаданне мець дзяцей уплывае ўспрыманне дзіцяці як абузы, якая абмежоўвае свабоду. "Што з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю? Самарэалізацыя? Ці самаахвяраванне? Калі дзіця разглядаецца як перашкода на шляху да сацыяльнага поспеху, шлях да новага жыцця зачынены", - адзначыў іерарх.

Небяспека экстрэмізму

Кардынал Паралін падкрэсліў, што моладзі неабходна даць перспектывы на будучыню. У яе трэба інвеставаць і зрабіць галоўнай дзеючай асобай, каб будаваць мірную будучыню. Таму што, калі моладзі бракуе адукацыі, працы і жыццёвых магчымасцяў, яна можа стаць лёгкай здабычай для экстрэмістаў. Ён дадаў, што маладыя людзі сёння часта становяцца ахвярамі канфліктаў, ідучы на фронт ва Украіну і шматлікія, часта забытыя, войны ў Афрыцы.

Больш шырокі ўдзел моладзі ў грамадскім жыцці

Кардынал Паралін заклікаў да больш шырокага ўдзелу моладзі ў грамадскім і міжнародным жыцці. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння ў перамовах і прыняцці важных рашэнняў часта ўдзельнічаюць толькі людзі старэйшага пакалення. Моладзь павінна ўдзельнічаць больш актыўна, не толькі таму, што будучыня належыць ёй, але і таму, што можа прапанаваць новыя рашэнні, - лічыць іерарх. На яго думку, міжнародныя інстытуты павінны быць абноўлены, таму што сусветны сцэнарый больш не адпавядае сцэнарыю халоднай вайны або пасляваеннага перыяду, і адкрыты для ўкладу адукаванай моладзі.

Пачуццё неадэкватнасці і пошук сэнсу

Дзяржсакратар адзначыў, што многія маладыя людзі адчуваюць моцнае расчараванне, калі ад іх патрабуюць выканання задач, да якіх, як ім здаецца, яны не падрыхтаваныя. На яго думку, важнай падтрымкай можа стаць досвед безумоўнай любові. Хлопцам і дзяўчатам трэба паказаць “Бога, які не патрабуе дасканаласці, але любіць і шануе чалавека незалежна ад дасягненняў”, - сказаў ён.

Перадача каштоўнасцяў

Кардынал Паралін падкрэсліў неабходнасць перадачы моладзі каштоўнасцяў і хрысціянскай ідэнтычнасці. Калісьці гэту ролю выконвалі сям'я, школа і парафія. Аднак сёння "паміж гэтымі арганізацыямі больш няма адзінства дзеянняў", - канстатаваў іерарх, дадаючы, што сёння значны ўплыў на моладзь аказваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Таму, акрамя веры і каштоўнасцяў, патрэбны аўтарытэтныя асобы, здольныя "натхняць маладых людзей на жыццё".

Роля Касцёла

На думку Дзяржсакратара, Касцёл павінен дзейнічаць у двух напрамках: па-першае, слухаць моладзь, па-другое, суправаджаць яе на жыццёвым шляху, пераадольваючы цяжкасці.

"Касцёл можа стаць асяроддзем, у якім моладзі з усяго свету будзе лягчэй інтэгравацца", - сказаў ён, дадаючы, што каталіцкія школы, Сусветныя дні моладзі могуць стаць інструментамі інтэграцыі.

“Як католікі, мы павінны быць гатовыя слухаць іх. Толькі так мы зможам сапраўды адкрыцца ім і іх равеснікам”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

11 сакавіка 2026, 13:21