Леў XIV: заўважаць патрабаванне любові ў кожным прыказанні

Езус вучыць нас, што сапраўдная справядлівасць – гэта любоў, а ў кожным прадпісанні Закона мы павінны заўважаць патрабаванне любові, - адзначыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 15 лютага 2026 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік пракаментаваў нядзельны евангельскі ўрывак, у якім Езус, пасля таго як абвясціў благаслаўленні, “запрашае ўвайсці ў навізну Божага Валадарства і, каб весці нас па гэтым шляху, адкрывае сапраўднае значэнне прадпісанняў Закону Майсея: яны служаць не для задавальнення вонкавай рэлігійнай патрэбы, каб адчуваць сябе ў парадку перад Богам, але дапамагаюць нам увайсці ў адносіны любові з Богам і братамі. Таму Езус кажа, што прыйшоў не адмяніць Закон, а выканаць яго”.

“Выкананне Закону – гэта менавіта любоў, у якой спаўняецца яго глыбокі сэнс і галоўная мэта”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што гаворка ідзе пра набыццё “найвышэйшай справядлівасці”, якая “пераўзыходзіць справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў – справядлівасці, якая не абмяжоўваецца выкананнем запаведзяў, але адкрывае нас на любоў і абавязвае любіць”.

Пантыфік заўважыў, што Езус разглядае некаторыя прадпісанні Закону, якія датычаць канкрэтных жыццёвых сітуацый, і выкарыстоўвае лінгвістычную формулу антыноміі менавіта для таго, каб паказаць розніцу паміж фармальнай рэлігійнай справядлівасцю і справядлівасцю Божага Валадарства. З аднаго боку Езус кажа: “Вы чулі, што было сказана продкам”, а з іншага сцвярджае: “А Я кажу вам”.

Папа адзначыў, што гэтыя словы Хрыста вельмі важныя: яны паказваюць, што “Закон быў дадзены Майсею і прарокам у якасці шляху, каб пачаць пазнаваць Бога і Яго задуму адносна нас і гісторыі або, выкарыстоўваючы выраз святога Паўла, у якасці выхаваўцы, што вядзе да Яго”. “Але цяпер Ён сам прыйшоў да нас у асобе Езуса і выканаў Закон, дазволіўшы нам стаць дзецьмі Айца і дорачы ласку, каб увайсці ў адносіны з Ім як дзеці і браты паміж намі”, - падкрэсліў Леў XIV.

“Браты і сёстры, Езус вучыць нас, што сапраўдная справядлівасць – гэта любоў, і што ў кожным прадпісанні Закона мы павінны заўважаць патрабаванне любові. На самай справе, недастаткова фізічна не забіваць чалавека, калі потым забіваю яго словамі ці не паважаю яго годнасць. Таксама недастаткова быць фармальна верным сужонку і не чужаложыць, калі ў гэтых адносінах не хапае ўзаемнай ласкавасці, увагі, павагі, клопату пра яе ці пра яго і сумеснага руху да агульнай мэты. Да гэтых прыкладаў, якія сам Езус дае нам, мы можам дадаць многія іншыя. Евангелле дорыць нам гэты каштоўны ўрок: патрэбна не мінімальная справядлівасць, а вялікая любоў, магчымая дзякуючы Божай сіле”, - патлумачыў Пантыфік.

Напрыканцы разважання Святы Айцец заклікаў у малітве папрасіць Панну Марыю, “якая падарыла свету Хрыста – Таго, які выканаў Закон і задуму збаўлення, – каб заступалася за нас, дапамагла нам увайсці ў логіку Божага Валадарства і жыць яго справядлівасцю”.
 

15 лютага 2026, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >