Папа сустрэўся з заснавальнікам каталіцкага медыяпраекта
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча прайшла ў Ватыкане 12 лютага 2026 года. Наэль Дыяс прыбыў на аўдыенцыю ў суправаджэнні двух святароў і аднаго свецкага верніка з архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса. Падчас размовы бакі закранулі тэму міграцыі ў ЗША і ў свеце, а таксама неабходнасць яшчэ больш актыўнага распаўсюджвання Божага слова сярод вернікаў.
Госці ўручылі Льву XIV некалькі падарункаў, у тым ліку знак праекта “Я – 73” (“Yo soy el 73”), які прадугледжвае 33-дзённую духоўную падрыхтоўку і прысвячэнне сябе Пану, а таксама копію скрыначкі для чысткі абутку, з якой Наэль Дыяс у дзяцінстве зарабляў на жыццё. Такую ж скрыначку ён падарыў Францішку падчас апостальскага падарожжа на Кубу і ў Мексіку ў 2016 годзе, перад тым, як пачысціць яму абутак. Менавіта тады паміж Пантыфікам і Дыясам завязалася сяброўства, якое прынесла багатыя плёны ўсёй супольнасці "Сейбіта".
У інтэрв’ю ватыканскім СМІ Дыяс падзяліўся падрабязнасцямі размовы і распавёў пра задачы, якія Леў XIV акрэсліў для яго супольнасці.
Наэль Дыяс – мексіканец, які іміграваў у ЗША, дзе заснаваў арганізацыю ESNE, якая вядзе каталіцкае тэлевяшчанне для Лацінскай Амерыкі і Іспаніі, а таксама радыётрансляцыі ў ЗША і Мексіцы. Адна з галоўных мэт праекта – даносіць голас Папы да як мага шырэйшай аўдыторыі іспанамоўных і англамоўных вернікаў. Францішак неаднаразова благаслаўляў і падтрымліваў гэтую ініцыятыву.
