Папа сустрэўся з заснавальнікам каталіцкага медыяпраекта

Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі Наэля Дыяса, заснавальніка арганізацыі "Сейбіт – Новая евангелізацыя" (El Sembrador-Nueva Evangelización), якая евангелізуе з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі, такіх як радыё і тэлебачанне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча прайшла ў Ватыкане 12 лютага 2026 года. Наэль Дыяс прыбыў на аўдыенцыю ў суправаджэнні двух святароў і аднаго свецкага верніка з архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса. Падчас размовы бакі закранулі тэму міграцыі ў ЗША і ў свеце, а таксама неабходнасць яшчэ больш актыўнага распаўсюджвання Божага слова сярод вернікаў.

Госці ўручылі Льву XIV некалькі падарункаў, у тым ліку знак праекта “Я – 73” (“Yo soy el 73”), які прадугледжвае 33-дзённую духоўную падрыхтоўку і прысвячэнне сябе Пану, а таксама копію скрыначкі для чысткі абутку, з якой Наэль Дыяс у дзяцінстве зарабляў на жыццё. Такую ж скрыначку ён падарыў Францішку падчас апостальскага падарожжа на Кубу і ў Мексіку ў 2016 годзе, перад тым, як пачысціць яму абутак. Менавіта тады паміж Пантыфікам і Дыясам завязалася сяброўства, якое прынесла багатыя плёны ўсёй супольнасці "Сейбіта".

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ Дыяс падзяліўся падрабязнасцямі размовы і распавёў пра задачы, якія Леў XIV акрэсліў для яго супольнасці.

Наэль Дыяс – мексіканец, які іміграваў у ЗША, дзе заснаваў арганізацыю ESNE, якая вядзе каталіцкае тэлевяшчанне для Лацінскай Амерыкі і Іспаніі, а таксама радыётрансляцыі ў ЗША і Мексіцы. Адна з галоўных мэт праекта – даносіць голас Папы да як мага шырэйшай аўдыторыі іспанамоўных і англамоўных вернікаў. Францішак неаднаразова благаслаўляў і падтрымліваў гэтую ініцыятыву.

13 лютага 2026, 10:39