Папа прыняў маладых праваслаўных святароў і манахаў
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Сустрэча, якая адбылася 5 лютага 2026 года, сабрала маладых прадстаўнікоў Армянскай, Копцкай, Эфіопскай, Эрытрэйскай, Маланкарскай і Сірыйскай Праваслаўных Цэркваў.
Папа выказаў удзячнасць за гэты візіт, арганізаваны Дыкастэрыяй спрыяння хрысціянскаму адзінству, які дазволіў гасцям бліжэй пазнаёміцца з жыццём і інстытутамі Каталіцкага Касцёла.
Леў XIV нагадаў пра спадчыну святога Паўла, які нястомна заклікаў розныя супольнасці памятаць пра іх прыналежнасць да адзінага Містычнага Цела Хрыста. Папа падкрэсліў, што гістарычныя і культурныя адрозненні паміж Цэрквамі складаюць “цудоўную мазаіку” агульнай хрысціянскай спадчыны, якую варта цаніць і берагчы.
Звяртаючыся да маладых праваслаўных святароў і манахаў, Леў XIV заклікаў вучыцца “раззбройваць саміх сябе”, цытуючы патрыярха Афінагора. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе пра адмову ад жадання заўсёды быць правым і ад апраўдання сябе праз дыскрэдытацыю іншых. Гэта найбольш суровы ўнутраны фронт – перамога над сваёй прадузятасцю, якая адкрывае шлях да сапраўднай любові.
Калі мы ліквідуем унутраныя перашкоды і раззброім нашы сэрцы, мы зможам больш шчыльна супрацоўнічаць і ўмацоўваць сувязі адзінства ў Хрысце. Паводле слоў Святога Айца, адзінства хрысціян з’яўляецца неабходнай закваскай для міру на зямлі і ўсеагульнай згоды.
На заканчэнне сустрэчы Папа даверыў маладых святароў і іх Цэрквы заступніцтву Маці Божай, паабяцаўшы сваю малітоўную падтрымку ў іх служэнні.
