Леў XIV прыняў у Ватыкане маладых праваслаўных святароў і манахаў Леў XIV прыняў у Ватыкане маладых праваслаўных святароў і манахаў  (@Vatican Media)

Папа прыняў маладых праваслаўных святароў і манахаў

Леў XIV прыняў у Ватыкане маладых праваслаўных святароў і манахаў, заклікаўшы іх да “духоўнага раззбраення” дзеля сапраўднага адзінства і міру.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Сустрэча, якая адбылася 5 лютага 2026 года, сабрала маладых прадстаўнікоў Армянскай, Копцкай, Эфіопскай, Эрытрэйскай, Маланкарскай і Сірыйскай Праваслаўных Цэркваў.

Папа выказаў удзячнасць за гэты візіт, арганізаваны Дыкастэрыяй спрыяння хрысціянскаму адзінству, які дазволіў гасцям бліжэй пазнаёміцца з жыццём і інстытутамі Каталіцкага Касцёла.

Леў XIV нагадаў пра спадчыну святога Паўла, які нястомна заклікаў розныя супольнасці памятаць пра іх прыналежнасць да адзінага Містычнага Цела Хрыста. Папа падкрэсліў, што гістарычныя і культурныя адрозненні паміж Цэрквамі складаюць “цудоўную мазаіку” агульнай хрысціянскай спадчыны, якую варта цаніць і берагчы.

Леў XIV прыняў у Ватыкане маладых праваслаўных святароў і манахаў
Леў XIV прыняў у Ватыкане маладых праваслаўных святароў і манахаў   (@Vatican Media)

Звяртаючыся да маладых праваслаўных святароў і манахаў, Леў XIV заклікаў вучыцца “раззбройваць саміх сябе”, цытуючы патрыярха Афінагора. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе пра адмову ад жадання заўсёды быць правым і ад апраўдання сябе праз дыскрэдытацыю іншых. Гэта найбольш суровы ўнутраны фронт – перамога над сваёй прадузятасцю, якая адкрывае шлях да сапраўднай любові.

Калі мы ліквідуем унутраныя перашкоды і раззброім нашы сэрцы, мы зможам больш шчыльна супрацоўнічаць і ўмацоўваць сувязі адзінства ў Хрысце. Паводле слоў Святога Айца, адзінства хрысціян з’яўляецца неабходнай закваскай для міру на зямлі і ўсеагульнай згоды.

На заканчэнне сустрэчы Папа даверыў маладых святароў і іх Цэрквы заступніцтву Маці Божай, паабяцаўшы сваю малітоўную падтрымку ў іх служэнні.
 

05 лютага 2026, 14:01