Леў XIV падчас "Анёл Панскі". Ілюстрацыйнае фота Леў XIV падчас "Анёл Панскі". Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Анёл Панскі: як вярнуць смак жыцця праз дабрыню

Леў XIV у разважанні да малітвы "Анёл Панскі" заклікаў вернікаў заставацца "соллю зямлі" і "святлом свету", праз канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці вяртаючы грамадству смак сапраўднай радасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваіх словах да вернікаў, сабраных на Плошчы Святога Пятра, якія прагучалі 8 лютага 2026 года, Пантыфік засяродзіў увагу на словах Езуса, звернутых да тых, хто жыве паводле евангельскіх благаслаўленняў. Паводле слоў Святога Айца, менавіта сапраўдная радасць надае смак жыццю і дазваляе выявіць тое, што раней заставалася ў цені, змяняючы аблічча зямлі і рассейваючы цемру свету.

Спасылаючыся на прарока Ісаю, Леў XIV пералічыў канкрэтныя жэсты, здольныя спыніць несправядлівасць: падзяліць хлеб з галодным, прытуліць бяздомных і адзець голых. Папа падкрэсліў, што менавіта ў такія моманты "святло ўзыдзе, як зара", а душэўныя раны хутка загояцца, бо міласэрнасць з’яўляецца дзейным інструментам прымірэння.

Бог ніколі не адкіне чалавека

Колькі людзей – магчыма, гэта здарылася і з намі – адчуваюць сябе непатрэбнымі, памылковымі, адзначыў Леў XIV. Такім здаецца, быццам іх святло было схавана. Аднак Езус абвяшчае Бога, Які ніколі не адкіне нас, Айца, што захоўвае наша імя, нашу непаўторнасць. Кожная рана, нават глыбокая, загоіцца, калі прыняць слова Благаслаўленняў і пачаць зноў ісці дарогай Евангелля.

Менавіта канкрэтныя ўчынкі адкрытасці да іншых і ўвагі запальваюць зноў радасць. Вядома, у сваёй прастаце яны ставяць нас супраць плыні. Сам Езус быў спакушаны ў пустыні іншымі дарогамі: паказаць сваю тоеснасць, выстаўляць яе напаказ, мець свет у сваіх нагах. Ён адхіліў шляхі, на якіх страціўся б Яго сапраўдны смак, той, які мы знаходзім кожную нядзелю ў Хлебе, што ломіцца: аддадзенае жыццё, любоў, якая не робіць шуму.

Горад на гары

Папа заклікаў вернікаў напаўняцца сілай і святлом праз еднасць з Езусам. Тады, без лішняй напаказлівасці, мы станем падобнымі да горада на гары – не толькі бачнага здалёк, але прывабнага і гасціннага: сапраўднага Божага горада, у якім кожны ў глыбіні сэрца жадае пасяліцца і знайсці супакой.

Напрыканцы Святы Айцец заахвоціў вернікаў, сабраных на Плошчы Святога Пятра, скіраваць позірк і малітву да Марыі, Брамы Неба, каб Яна дапамагла кожнаму быць сапраўдным вучнем Яе Сына.
 

08 лютага 2026, 12:08

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >