Леў XIV: абвяшчэнне Евангелля павінна дасягаць сэрцаў людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік працягнуў разважанне над дагматычнай канстытуцыяй Другога Ватыканскага Сабора “Dei Verbum”, падкрэсліўшы, што яна ўказвае на Святое Пісанне, “чытанае ў жывой традыцыі Касцёла, як на прывілеяваную прастору сустрэчы, дзе Бог працягвае размаўляць з людзьмі ўсіх часоў, каб, слухаючы Яго, яны маглі спазнаць і палюбіць Яго”.
Стаць зразумелым іншаму – першы чын любові
“Біблійныя тэксты, аднак, не былі напісаны на нябеснай або звышчалавечай мове. Як паказвае паўсядзённае жыццё, дзве асобы, якія гавораць на розных мовах, не разумеюць адна адну, не могуць уступіць у дыялог і ўсталяваць адносіны. У некаторых выпадках стаць зразумелым іншаму – гэта першы чын любові”, - дадаў Папа.
Святое Пісанне паказвае міласэрнае сыходжанне Бога да людзей
Леў XIV адзначыў, што Бог вырашыў гаварыць з людзьмі на чалавечай мове, і так, дзякуючы натхненню Святога Духа, розныя аўтары склалі тэксты Святога Пісання. “Божыя словы, выражаныя чалавечай мовай, прыпадобніліся да чалавечай мовы, як калісьці Слова Спрадвечнага Айца, прыняўшы слабасць людскога цела, прыпадобнілася да чалавека”, - працытаваў ён канстытуцыю “Dei Verbum”.
“Таму не толькі сваім зместам, але таксама і мовай Святое Пісанне паказвае міласэрнае сыходжанне Бога да людзей і Яго жаданне стаць блізкім да іх”, - дадаў Пантыфік.
Бог не прыніжае чалавека і яго патэнцыял
Папа нагадаў, што адносіны паміж Боскім аўтарам і чалавечымі аўтарамі святых тэкстаў былі прадметам глыбокага вывучэння на працягу гісторыі Касцёла. Цягам стагоддзяў многія тэолагі абаранялі боскае натхненне Святога Пісання, успрымаючы чалавечых аўтараў амаль як “пасіўныя прылады Святога Духа”. У нядаўнія часы ўклад агіёграфаў у рэдагаванне святых тэкстаў быў перагледжаны: таму саборны дакумент кажа пра Бога як пра галоўнага “аўтара” Святога Пісання, але называе “сапраўднымі аўтарамі” святых тэкстаў таксама і агіёграфаў.
“Як заўважаў адзін праніклівы экзэгет мінулага стагоддзя, “прыніжаць чалавечае дзеянне да ролі простага пісара – не значыць праслаўляць боскае дзеянне”. Бог ніколі не прыніжае чалавека і яго патэнцыял!”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Абвяшчэнне, якое не губляе кантакту з рэальнасцю
Пантыфік заўважыў, што паколькі Святое Пісанне – гэта “Божае слова, выяўленае чалавечымі словамі”, то “ўсякі падыход да яго, які ігнаруе або адмаўляе адзін з гэтых двух аспектаў, будзе няпоўным”. “З гэтага вынікае, што правільнае тлумачэнне святых тэкстаў немагчыма без уліку гістарычнага асяроддзя, у якім яны былі створаны, і выкарыстаных літаратурных формаў. Больш за тое, адмова ад вывучэння чалавечых слоў, якімі карыстаўся Бог, можа прывесці да фундаменталісцкіх або спірытуалістычных чытанняў Пісання, якія скажаюць яго сэнс”, - папярэдзіў ён.
“Гэты прынцып датычыцца і абвяшчэння Божага слова: калі яно губляе сувязь з рэальнасцю, з надзеямі і пакутамі людзей, калі выкарыстоўвае незразумелую, мала камунікатыўную або анахранічную мову, яно становіцца неэфектыўным”, - дадаў Леў XIV.
Дасягнуць сэрцаў
Святы Айцец адзначыў, што “ў кожную эпоху Касцёл пакліканы зноў прапаноўваць Божае слова на мове, здольнай увасабляцца ў гісторыі і дасягаць сэрцаў”. “Як нагадваў Папа Францішак, “кожны раз, калі мы хочам звярнуцца да крыніцаў і знайсці першапачатковую свежасць Евангелля, нам адкрываюцца новыя шляхі, творчыя метады, іншыя формы выяўлення, найбольш выразныя знакі, словы, поўныя новага сэнсу для сучаснага свету”, - працытаваў ён адгартацыю “Evangelii gaudium”.
Святое Пісанне хоча прамаўляць да вернікаў сёння
Пантыфік заўважыў, што спрашчэннем з’яўляецца таксама ігнараванне боскага паходжання Святога Пісання і яго разуменне як простага чалавечага вучэння, як нечага, што падлягае вывучэнню толькі з тэхнічнага пункту гледжання, або як “толькі тэксту мінулага”.
Папа падкрэсліў, што Святое Пісанне, асабліва калі абвяшчаецца ў кантэксце літургіі, “хоча прамаўляць да вернікаў сённяшняга дня, закрануць іх цяперашняе жыццё з яго праблемамі, асвятліць крокі, якія неабходна зрабіць, і рашэнні, якія трэба прыняць”. “Гэта становіцца магчымым толькі тады, калі вернік чытае і тлумачыць святыя тэксты пад кіраўніцтвам таго ж Духа, які іх натхніў”, - сказаў Леў XIV.
Разуменне Святога Пісання ўмацоўвае веру і любоў
Святое Пісанне служыць умацаванню веры і любові вернікаў, - адзначыў Пантыфік, нагадваючы словы святога Аўгустына пра тое, што чалавек, які думае, што зразумеў Святое Пісанне, але не імкнецца жыць любоўю да Бога і бліжняга, на самай справе не зразумеў яго.
Радаснае абвяшчэнне поўнага і вечнага жыцця
“Боскае паходжанне Святога Пісання нагадвае таксама, што Евангелле, даручанае сведчанню ахрышчаных, хоць і ахоплівае ўсе вымярэнні жыцця і рэальнасці, пераўзыходзіць іх: яго нельга зводзіць да простага філантрапічнага ці сацыяльнага паслання – яно з’яўляецца радасным абвяшчэннем поўнага і вечнага жыцця, якое Бог падарыў нам у Езусе”, - сказаў Папа.
“Давайце падзякуем Пану за тое, што ў сваёй дабрыні Ён не пазбаўляе наша жыццё неабходнага пасілку Яго Слова, і памолімся, каб нашы словы, і тым больш наша жыццё, не засланялі Божую любоў, пра якую яно расказвае”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
